Выпрабавана на сабе: нормы бюджэта пражытковага мінімуму — бы ў вайну!

121203_savich_bmp.mp3

Нагадаю, што за два тыдні з адпушчаных мне 963 тысяч рублёў на падарункі, ежу і пераезд на новую кватэру засталося трохі больш за 300 тысяч рублёў.


Наземны транспарт у мяне больш не выклікаў аніякіх хваляванняў: не саромеючыся, я езджу ў аўтобусах і тралейбусах без усялякіх талончыкаў і са шчырымі вачыма кажу кандуктару “соткі”, што ў мяне праязны.


З майго бюджэту я выдзеліла напалову на ежу і на аплату мабільнага тэлефона разам з 3G-інтэрнэтам. Дарэчы, гэтыя "трыджыкі" так да халеры жаруць грошай, што толькі паспявай іх залічваць. Мабільная сувязь таксама неяк незаўважна цягнула з бюджэту грошы. Хаця з гэтым было прасцей, бо ў мяне вельмі добры каханы.


З ежай усё вырашылася проста: "ролтан" у дапамогу. Добра, што тут шыкоўны выбар і з грыбамі, і з курыцай, і са свінінай. Дарэчы, на сняданкі да родных я больш не хадзіла.
Знаёмы медык пакруціла каля скроні: 


“У цябе перастане працаваць страўнік! Гэта і на скуры адаб’ецца, і абмен рэчываў парушыцца! Трэба будзе лячыцца!”


Незбалансаванае харчаванне паўплывала на мяне добра так мала таго, што неяк перастаў працаваць страўнік, дык я заўважыла, што пачала забываць самыя элементарныя словы і выразы, вітацца па некалькі разоў і не магла ніяк засяродзіцца на галоўным. 


На працы мяне пачалі падкормліваць. Вы б ведалі, які смачны і свежы хлеб пячэ мой калега ніяк не параўнаць з завадскім! На талерачцы разам з хлебам раз-пораз з’яўляліся то галінка вінаграду, то шакалад. Ды і ўвогуле, я вельмі добра ўладкавалася на працы есць кава, пячэнькі і цукар. Так што праблему з дэсертам я вырашыла найвыдатна.


Але салодкага ўсё ж такі хацелася страшна: і на трэці тыдзень адзін раз я купіла 200 грамаў цукерак. Салодкага шчасця мне хапіла менш чым на гадзіну. Перажыванні, што штосьці можа зліпнуцца, пакіньце пры сабе усё нармальна.


Варыянты, як можна пражыць на 963 тысячы ў месяц, падказваюць і мінчукі:


“У мяне за тыдзень сыходзіць адзін мільён. Я б схуднела б за гэты час кашкі нейкія б ела”;


“Няхай урад сам паспрабуе на гэтыя грошы пражыць. Яны хлусяць! На гэтыя грошы нельга выжыць!”;


“Калі толькі хлеб і вада харчаванне”; 


“Калі на сям’ю з двух чалавек хапіла б на ежу. Сасіскі з макаронамі. Я б магла купіць 10 кілаграмаў мяса і ўсё. А на астатняе на пакупку нейкіх рэчаў дакладна не хапіла б”.


Дарэчы пра рэчы. У бюджэце дакладна закладзеная сума на адзенне, гэта 20%, ці каля 200 тысяч. Але на гэтыя грошы можна купіць адзін камплект бялізны ці пару шкарпэтак. Але, скажу я вам, мы вельмі добра жывём. Бо як можна патлумачыць той факт, што ў сталіцы не ў самых танных крамах, дзе джынсы па паўмільёна ці сукенка за такі ж кошт пастаянна таўкуцца людзі і нешта купляюць!


Той жа фокус і з прадметамі гігіены. Пэўна, БПМ прыдумляў мужчына, бо на ўсялякія жаночыя прыналежнасці: гелі для душа, крэмы, шампуні і бальзамы, у тым ліку, і прадметы асабістай гігіены грошай не выдзяляецца. Усё максімальна аскетычна. Насамрэч, бы на вайне, крый Божа.

У канцы трэцяга тыдня сяброўка запрасіла ў кіно. Тры тыдні вечароў, праведзеных на канапе, вельмі хутка ператварылі мяне ў адзічэлага чалавека. Адзін білет у кіно каштуе 20-30 тысяч рублёў. Гэтая сума ў мяне выходзіць на ежу на дзень, і за кошт ежы ці яшчэ чаго можна вельмі проста схадзіць і ў кіно. Праўда, там ад стомленасці і добрых пахаў чыпсаў суседзяў я вельмі хутка заснула, і камедыя прайшла міма мяне.


Напрыканцы месяца прыйшла  камуналка каля 200 тысяч. Аплату на свой страх прыйшлося адкласці. Але не адна я, якая жыву на БПМ, не ведаю, як заплаціць за камуналку. Людзям налічваюць і па паўмільёна: 


“Мне за кватэру больш за паўмільёна плаціць трэба, не ведаю, як на ваш БПМ пражыць”, кідае мне мінчук.


Грошы закончыліся за тыдзень да канца тэрміну. Я пачала адчуваць самыя лёгкія пахі на вуліцы і, шчыра сказаць, думала, што сарвуся: калі ішла па чарговы пачак "ролтана",  у мяне трэсліся рукі і раздражнялі самыя простыя заганы людзей. Прадаўшчыцы, якія вельмі марудна лічылі грошы ці пыталіся ў кожнага “можа ў вас драбяза ёсць?” злавалі і нервавалі. Я баялася, што проста пачну кідацца на людзей, і ні пра якія высокія матэрыі не хацелася і думаць. 


Мне дапамаглі затрымкі на працы і тое, што, калі я прыходзіла дамоў, можна было толькі ў душ і спаць.


Выжыць на БПМ, узгоднены Мінпрацы, нельга.


P.S. Дарэчы, я ўпрасіла гаспадара сваёй кватэры заплаціць за арэнду на месяц пазней, і чалавек мне паверыў. Арэнда цяпер нейкая шалёная. А вось ЖКГ маю запазычанасць аднесла на наступны месяц і ўжо з пянёй...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі