Як пенсіянерка Зінаіда Іванаўна стала хакейнай фанаткай
Жанчына імкнецца паўсюль ездзіць са сваім жлобінскім “Металургам”, а хакеісты пазнаюць яе на дварэ.
Жлобінская бухгалтарка Зінаіда Іванаўна Лазарава (56 год) пасля працы надзявае на сябе швэдар і шалік ХК “Металург” і ідзе наводзіць парадкі на мясцовую лядовую арэну. Нягледзячы на шаноўны ўзрост — ужо даўно разменены шосты дзясятак — хакей стаў для яе і хобі, і прыгодай, і тусоўкай.
“Нават удзельнічаю ў выездах, калі яны трапляюць на выхадныя дні. Ездзіла на матчы “Металурга” з “Нёманам”, “Шахцёрам”, “Магілёвам”, — пералічвае Зінаіда Іванаўна. — Тройчы была на “Мінск-Арэне”. Аднойчы там наш “Металург” перамог “Дынама”, гулялі на “Кубак Салея”.
Еўрарадыё: Вы ўсё жыццё захапляецеся хакеем?
Зінаіда Лазарава: Любіла ў маладосці, калі былі такія гульцы, як Харламаў. А тры гады таму ў Жлобіне прыйшла на матч і з тае пары імкнуся ніводнай гульні не прапускаць. Муж у мяне памёр. Хакей змяніў жыццё ў лепшы бок. Ад працы ўвесь стрэс пакідаеш тут. І ў свой Камбінат бытавога абслугоўвання я прыходжу больш лагодным чалавекам.
Еўрарадыё: А хто вашы ўлюбёныя гульцы?
Зінаіда Лазарава: Іллюша Казнадзей, 7-ы нумар (гулец зборнай Беларусі. — заўв. Еўрарадыё).
Еўрарадыё: І ведаеце яго асабіста?
Зінаіда Лазарава: Натуральна. Калі ідзе па вуліцы і яго не пабачу, то сам махае: “Добры дзень!”. Мяне нават заўзятары “Нёмана” ведаюць. Прыязджаюць як да блізкага чалавека. А калі мы там бываем, заходзяць у аўтобус і з задавальненнем вітаюцца.
Ілля Казнадзей гуляе пад пільным наглядам Зінаіды Іванаўны
Еўрарадыё: Ці траплялі вы ў бойкі паміж фанатамі?
Зінаіда Лазарава: Такога амаль не бывае. Я імкнуся ўлагоджваць сітуацыі.
На развітанне фанатка просіць перадаць пасланне хакейным функцыянерам.
Зінаіда Лазарава: “Трэба, каб гульня была трохі сумленная. Вось глядзіце, “Юнацтва” вярнулася з ВХЛ і перайшло ў “Юніёр” поўным складам. Так нельга. Ёсць адзін суддзя, Н., заўжды засуджвае, калі гуляем з “Юнацтвам”. А мы ўсё адно забіваем…”
Жлобінскі “Металург” стаў чэмпіёнам Беларусі мінулага сезона. У гэтым годзе “сталёвыя ваўкі” імкнуцца паўтарыць поспех. А заўзятары каманды часам дэманструюць нязломную падтрымку. Кожны фэн “Металурга” ўпэўнены, што іх клуб гатовы даць бой любому саперніку, хай сабе і клубу КХЛ. Фанацкую тарсіду “сталёвых ваўкоў” расхвальваюць і трэнер клуба Васіль Спірыдонаў, і кіраўнікі іншых каманд. Маўляў, падтрымка ў Жлобіне такая, што гульцы недачуваюць, што там камандуе трэнер.
На хакей у Жлобіне ходзяць і малыя дзеці, і нават ветэраны вайны, якім клуб праплачвае праход на арэну і выдае заўзятарскую атрыбутыку.
На матчы з топавымі камандамі квіткі раскупляюцца цалкам. “Металург” мае адразу некалькі фанацкіх груповак.
Адна трыбуна за варотамі занятая мясцовымі юнакамі. На супрацьлеглай трыбуне крычаць заўзятары старэйшага веку. Арэна практычна не змаўкае. І па напале жарсцяў наўрад ці жлобінскі лядовы палац саступае “Мінск-Арэне”.
Што тычыцца ўтульнасці, то можна паспрачацца, дзе зручней глядзець хакей. Адзінае што — у Жлобіне няма прапускных турнікетаў і лічбавага табло, дзе паказвалі б паўторы вострых момантаў. Хоць табло збіраюцца ўсталяваць у жлобінскім палацы ў наступным сезоне.
У межах Беларусі складана адчуць градус папулярнасці хакея ў Жлобіне. Але для жыхароў горада іх клуб — гэта гонар і рамантыка.
“На сёння ў нас сярэдняя наведвальнасць — 1707 чалавек. Больш з клубаў экстралігі толькі ў Гродне — 1866. Але гэта абласны цэнтр, — канстатуе дырэктар “Металурга” Дзмітрый Цыкуноў. — У Жлобіне ж жыве ўсяго каля 80 тысяч чалавек. Многія жыхары горада працуюць на заводзе. І для іх хакей — гэта палёгка, спосаб адпачыць. Некаторыя спачатку прыходзілі ў лядовы палац, каб проста сустрэцца з сябрамі. А потым хакей іх зацягнуў”.
У перапынках паміж перыядамі у холе лядовага палацу спяваюць артысты
Майкі "Барселоны" і "Рэала" многія жыхары Жлобіна памянялі на такія вось швэдары "Металурга"