Як прымаюць бюджэт: Тысяча старонак за два чытанні
Бюджэт-2013 стане апошнім, за што прагаласуюць дэпутаты парламента 4-га склікання.
“Прымаецца ў першым чытанні, потым у другім чытанні. А потым на зацвярджэнне ў Савет рэспублікі адпраўляюць. А ужо пасля кіраўніку краіны”, — расказваюць мне ў Палаце прадстаўнікоў пра прыняцце бюджэту краіны. Усё проста!
2 кастрычніка дэпутаты будуць галасаваць за бюджэт. А потым… распускаюцца назаўсёды. Новы парламент пачне засядаць не пазней за 23 кастрычніка. І калі папярэднікі нешта намудраць, навабранцам давядзецца галасаваць нанова. Непакоюся. Што ж гэта будзе?
Эканамісты мяне супакойваюць. Гавораць, што бюджэт у Беларусі з’яўляецца і знікае без актыўнага ўдзелу дэпутатаў. Распрацоўваюць яго ў Міністэрстве фінансаў, а зацвярджае канчаткова кіраўнік краіны. Разабрацца ў тысячы старонак і прафесіяналу цяжка, расказвае Леанід Заіка:
“Што такое квоты, што такое падаткі, што такое праграмы і іншае — гэта і прафесіяналу цяжка. Мне даводзілася быць экспертам, які некалькі гадоў запар ацэньваў бюджэт. Трэба сядзець тыдзень, хоць ты ведаеш усе трэнды”.
А калі не ведаеш? Калі няпроста эканамістам, то што ўжо хацець ад галоўнага ўрача, старшыні сельсавета, альбо рэдактара правінцыйнай радыёстанцыі, якія сёлета сталі дэпутатамі.
Заіка расказвае, што у бюджэце можна сустрэць тыя яшчэ перлы. Напрыклад, у сярэдзіне 90-ых гадоў на фінансаванне сумеснай супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі было выдадзена… 250 долараў. Гэтай сумы можа хапіць хіба на алоўкі.
А увогуле, бюджэт у тым выглядзе, у якім яго прымаюць, рэдка дажывае да канца года. Яго могуць карэктаваць і тры, і чатыры разы. Указам прэзідэнта і ўжо без парламенту
“Разумееце, калі бюджэт карэктуецца пад канец года, а гэта бывае тры-чатыры разы нават, то функцыя дэпутата не патрэбная. Навошта тады дэпутаты? Калі яны прымаюць бюджэт, а ён мяняецца”.
Эканаміст Сяргей Чалы гаворыць, што пасярод 2009 году бюджэт перапрацавалі настолькі, што з дэфіцытнага ён ператварыўся ў бездэфіцытны.
“У 2009 годзе, калі ў нас ужо была праграма stand by, бюджэт вельмі сур’ёзна памянялі. Яго нават з дэфіцытнага зрабілі фактычна бездэфіцытным”.
Таму галасаванне за бюджэт увогуле выглядае недарэчным. Навошта, калі яго ўсё адно пазней перапішуць у Міністэрстве фінансаў.