Як сустрэць Новы год са спецназам, у чырвоных трусах і на могілках?!
Еўрарадыё сабрала незвычайныя навагоднія традыцыі з усяго свету.
Не так даўно Еўрарадыё распавядала, куды беларусы едуць сустракаць Новы год. Цяпер мы вырашылі даведацца, якія традыцыі, акрамя звычайных шпацыраў і шопінгу, замежныя краіны могуць прапанаваць беларусам у навагоднюю ноч.
Напрыклад, цікавы звычай існуе ў Даніі. Тут прынята закідваць дзверы сваіх сяброў посудам, які адмыслова для гэтага збіраецца на працягу года. Таму горы разбітых кубкаў і талерак на парозе 1-га студзеня датчаніна не здзіўляюць — а толькі гавораць пра тое, што ў яго шмат сяброў.
Калі ўвесь свет выходзіць на вуліцу, каб сустрэць Новы год, жыхары прыгарада Ёханэсбурга Хілброў прынцыпова застаюцца дома. І пазбаўляюцца ад непатрэбных рэчаў, якія наўпрост выкідаюць з вокнаў шматпавярховак. Гэта заўсёды напружаная ноч для паліцыі, якая задзейнічае спецназ і нават верталёты.
Падобная традыцыя ёсць і ў Італіі. Хаця, хутчэй, гэта толькі легенда для прыцягнення турыстаў, а традыцыі іншыя. Напрыклад, апранаць чырвонае адзенне. Можна нават на вуліцы сустрэць паліцэйскага ў чырвоных шкарпэтках. І такая сустрэча павінна прынесці ўдачу.
А ў Бразіліі, Мексіцы і Балівіі апранаюць чырвоную ніжнюю бялізну. Асабліва калі хочуць знайсці каханне. У той час як жоўтая бялізна азначае жаданне грошай і здароўя.
У сваю чаргу ў Венесуэле тыя, хто хочуць мець грошы, мусяць мець “салідны рахунак” падчас навагодняга застолля. А жадаючыя вандраваць мусяць выйсці з дома з якой-небудзь валізкай.
У шатландскім Эдынбургу, у раёне моста Форт-Брыдж, каля тысячы смельчакоў скачуць у ледзяную раку.
У швейцарскім гарналыжным курорце 1 студзеня праводзяць “парасячыя скачкі”. 10 маленькіх парасят спаборнічаюць паміж сабой. Пераможца “вызваляецца” ад долі трапіць на каўбасную фабрыку.
Цікава, што не паўсюль Новы год з’яўляецца вясёлым святам. Так, у чылійскім горадзе Тулка людзі праводзяць гэты дзень на могілках са сваімі памерлымі сваякамі. Мерапрыемства збірае каля 5 тысяч чалавек штогод.
А вось у Вялікабрытаніі таксама не ўсе раздзяляюць святочныя навагоднія эмоцыі. Згодна з апытаннямі, трэць брытанцаў апоўначы 31-га снежня знаходзяцца ў сваіх ложках.
Выкарыстаная інфармацыя і фота: cnn.com, urbantitan.com, squidoo.com, theafricareport.com, cornelvanheerden.blogspot.com, onthesnow.co.uk