Як жывуць былыя палітвязні
Сяргей Казакоў зладзіў канцэрт і працуе фасоўшчыкам, Уладзімір Хамічэнка перакваліфікаваўся ў рознарабочыя, а Алегу Гнедчыку далі разлік і на працу не бяруць.
Вязні, асуджаныя па “справе 19 снежня” і памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам, паступова вяртаюцца да звыклага жыцця. Здаецца, найлепш гэта пакуль што атрымліваецца ў Сяргея Казакова. 2 кастрычніка хлопец адыграў першы пасля паўгадавога зняволення канцэрт са сваім гуртом SKRIZHALI.
Сяргей Казакоў: “Канцэрт прайшоў, і прайшоў выдатна! Я нават не чакаў, што пасля такога перапынку змагу так зайграць. Задаволеныя былі і хлопцы з гурта, і гледачы. Карацей, я зразумеў, пра што я марыў увесь гэты час і чаго мне так не хапала”.
Сяргею пашанцавала і з працай: яго прынялі на той жа склад, з якога, на вачах калег, забіралі паўгода таму.
Сяргей Казакоў: “Сустрэлі мяне вельмі добра. Здаецца, людзі добра разумеюць, што зараз у краіне адбываецца. А працую я на фасоўцы фруктаў”.
Упэўнены ў тым, што знойдзе працу, і вызвалены 2 тыдні таму Уладзімір Лобан. Адзінае, што яго зараз засмучае, — неразуменне ўчынку, праз які ён атрымаў у беларускім судзе 3 гады зняволення.
Уладзімір Лобан: “Перажываю наконт таго, што шмат хто нават не зразумеў, навошта гэта ўсё было. Некаторыя нават падумаць пра гэта не хочуць. Пазбягаюць размоваў… А змагацца трэба. Але людзей вельмі запужалі”.
Былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус вяртаецца да звыклага жыцця з нізкага старту. Ён ужо абвясціў пра намер удзельнічаць у парламенцкай кампаніі 2012 года. А працаваць збіраецца дырэктарам таго самага выдавецтва “Трывіум”, якое ўзначальваў перад арыштам.
Быццам бы ўладкаваўся на працу і самы загадкавы з памілаваных па “справе 19 снежня” — “навушнік” Уладзімір Хамічэнка. З “рэвалюцыянераў” ён перакваліфікаваўся ў рознарабочыя на кірмашы. Прынамсі, пра гэта ён сказаў сваёй цётцы Але Барысаўне, калі заходзіў да яе… папрасіць грошай!
Ала Барысаўна, цётка Уладзіміра Хамічэнкі: “Заходзіў ён да мяне. Прасіў прабачэння, на каленкі станавіўся. Але прыходзіў ён прасіць грошай, а гэта ўсё было так… І, дарэчы, казаў, што яго будуць засяляць у яго гэтую кватэру. Я яму кажу: “Вова! Калі ты па правільнай дарозе пойдзеш, табе дапамогуць! Не ведаю, з якіх рэсурсаў, але ацяпленне зробяць, ваду правядуць. І я табе дапамагу: якія-небудзь рэчы дам, фіранкі, коўдру, падушку… Я табе ўсё дам. Толькі ты жыві спакойна!”.
Але калі Ала Барысаўна сустрэла пляменніка наступным разам — а сустрэча гэтая адбылася на вуліцы падчас Дня горада Слуцка — ён чамусьці зрабіў выгляд, што не пазнаў яе.
Не так радасна, як у іншых, усё ў Алега Гнедчыка. Да зняволення ён працаваў будаўніком. Але пасля амністыі яго адразу звольнілі:
Алег Гнедчык: “Зараз вельмі цяжка. Калі я прыйшоў туды — мне адразу аддалі разлік. Сказалі: “Мы з вамі не хочам звязвацца” — вось і ўсё… Шукаю працу — але нідзе браць не хочуць. Паўсюль даеш пашпарт, у яго зазіраюць… карацей, вельмі цяжка”.
Ніякай дапамогі з боку дзяржавы па сацыяльнай адаптацыі былы вязень не адчувае. Наадварот, паводле яго слоў, да яго ўжо некалькі разоў прыходзілі з міліцыі. На ўсялякі выпадак, проста каб папярэдзіць.
А вось былога студэнта гістфака БДУ Алеся Кіркевіча адсутнасць працы не засмучае: ён збіраецца прысвяціць сябе літаратурнай творчасці і “палітычным авантурам”:
Алесь Кіркевіч: “І абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю. Але на гістфаку аднаўляцца не збіраюся, не хачу ізноў трапіць у кіпцюры дзяржавы. Буду давучвацца завочна, за мяжой”.
На фота: Алесь Кіркевіч.
Фота: Еўрарадыё.