Якую кампенсацыю атрымаюць 324 незаконна асуджаныя беларусы

130204_lukashuk_kompensacuia.mp3

Летась 324 чалавекі, абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах, былі апраўданыя судамі. Але за кратамі яны ўсе пасядзелі. Цяпер кожны мае права атрымаць грашовую кампенсацыю, тлумачыць Еўрарадыё юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.


Гары Паганяйла: “Можна разлічваць на кампенсацыю стратаў, да прыкладу, заробку ды іншых страчаных з-за знаходжання за кратамі прыбыткаў. А таксама — грашовую кампенсацыю маральнай шкоды”.


У траўні 2009 года па абвінавачванні ў эканамічным злачынстве за кратамі апынуўся Андрэй Бандарэнка. Асудзілі яго на 6 гадоў узмоцненага рэжыму, але 22 сакавіка 2011 года Мінскі гарадскі суд прызнаў яго невінаватым. Ужо 23 сакавіка Бандарэнка сустрэўся з адвакатам і пачаў рыхтаваць паперы для атрымання кампенсацыі за 22 страчаныя месяцы.


Андрэй Бандарэнка: “Бярэцца заробак на момант арышту і кампенсуецца да таго моманту, калі ён быў апраўданы. Гэта дастаткова дакладна прапісана ў заканадаўстве. Больш праблемна стаіць пытанне з кампенсацыяй маральнай шкоды. Заканадаўства недакладна фармулюе, што менавіта і ў якім аб’ёме павінна быць кампенсавана. Кожны з бакоў па-рознаму ўспрымае ступень маральнай шкоды”.


Бандарэнка нанесеную яму маральную шкоду ацаніў у 400 мільёнаў рублёў. Маўляў, і выхаваннем дачкі не мог займацца, і працу страціў, і сваякі вымушаныя былі ўсім казаць, што іх блізкі чалавек — крымінальнік, і здароўе ў калоніі падарваў.


Мінфін, які аплачвае памылкі дзяржавы, меў свой погляд на маральную шкоду.


Андрэй Бандарэнка: “Мінфін даводзіў, што ў нас больш за 30 мільёнаў за год нікому не кампенсавалася. Суддзя вырашыла налічыць 100 мільёнаў рублёў, што ў выніку апынулася ледзь не лепшым вынікам па выплаце дзяржавай кампенсацый”.


Праўда, судзіцца давялося амаль столькі ж часу, колькі правёў за кратамі, — каля 2 гадоў.


Паводле слоў Гары Паганяйлы, звароты па кампенсацыю апраўданых здараюцца вельмі рэдка.


Гары Паганяйла: “Баяцца звязвацца з нашымі праваахоўнымі органамі. Маўляў, пачнеш патрабаваць, а яны перагледзяць справу альбо знойдуць нейкія новыя абставіны — і ўсё адно “заканапацяць”, каб заткнуць рот. Іншыя, магчыма, не ведаюць парадку звароту”.


Колькі з 324 апраўданых летась “крымінальнікаў” звярнуліся па кампенсацыю, у прэс-службе Вярхоўнага суда Еўрарадыё не кажуць. А ў адказ на пытанне, як дзейнічаць тым, хто такую кампенсацыю захоча атрымаць, перанакіроўваюць… у юрыдычную кансультацыю!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі