Ярашук: Былі дэпутаты, якія патрабавалі нашага арышту ў зале паседжанняў
Еўрарадыё паразмаўляла з былым дэпутатам Пінскага гарсавета. У жніўні 1991-га менавіта пінскія дэпутаты асудзілі путч.
Пінск быў адзіным горадам у Беларусі, а, магчыма, і ва ўсім тагачасным СССР, дзе гарадскі савет падчас надзвычайнай сесіі ўхваліў заяву, у якой путч 19 жніўня 1991 году асуджаўся і быў названы антыканстытуцыйным. Еўрарадыё паразмаўляла з тагачасным дэпутатам пінскага гарадскога савета ад дэмакратычных сілаў Віктарам Ярашуком.
Еўрарадыё: Як так стала так, што менавіта пінскі гарсавет аказаўся такім дэмакратычным яшчэ 20 гадоў таму?
Ярашук:
У той час у пінскім гарсавеце была вельмі моцная апазіцыя. Яна складала
недзе каля 1/3 часткі ўсіх дэпутатаў. Мы былі вельмі моцныя. Былі
людзі, якія "адзін за адным стаялі"... Калі мы ранкам 19-га даведаліся,
што ў Маскве адбыўся путч, то мы сабраліся амаль усім складам, хуценька
напісалі заяву.
А ў нас па рэгламенце было так, калі 20 чалавек
патрабуе пазачарговую сесію, то прэзідыум павінен разглядзець гэтую
заяву і прыняць рашэнне — ці праводзіць сесію, ці не. Мы дамагліся
правядзення гэтай сесіі. У той час у мясцовай газеце мы таксама здолелі
надрукаваць і нашу заяву ад імя апазіцыі, якая была падпісана
канкрэтнымі прозвішчамі, дзе таксама асуджаўся гэты самы путч, і мы
путчыстаў назвалі фашыстамі і г.д.
Еўрарадыё: Ці былі спробы запалохвання тых людзей, якія былі ініцыятарамі гэтай заявы?
Ярашук: Я
памятаю, 19-га, калі я нават ішоў па вуліцы і сустракаў знаёмых людзей,
то адны падтрымлівалі, а іншыя са злараднасцю казалі: “Ну што,
дэмакраты, даскакаліся? Будзе вам зараз!".
Еўрарадыё: Не ўсе так адназначна падтрымлівалі вашу заяву?
Ярашук:
Безумоўна. Калі пачалася сесія 20 жніўня, першы сакратар гаркаму партыі
ды шмат хто з дэпутатаў проста настойвалі, каб нас арыштавалі. Каб нас
арыштавалі ў зале паседжання гарсавета, каб не праводзіць сесію, каб нас
арыштаваць, бо мы парушылі загад нумар 1 ГКЧП.
Еўрарадыё: Як прайшла і чым скончылася сесія?
Ярашук: Спачатку
частка дэпутатаў-камуністаў патрабавала, каб нас арыштавалі, але яны
гэтага не здолелі зрабіць. У той час у нас усе сесіі трансляваліся па
Пінскім гарадскім радыё. І пачатак гэтай сесіі чуў увесь горад. Галоўную
справаздачу рабіў у той час сябра нашай апазіцыі, намеснік старшыні
гарсавету. Уся наша заява і яго справаздача прайшлі ў эфір і іх пачуў
увесь горад, праўда, потым яе адключылі і далейшы працяг сесіі ніхто не
чуў.
Мы, сябры апазіцыі, выступалі вельмі ўпэўнена, а
пракамуністычным дэпутатам не было чаго сказаць. Яны проста спужаліся і,
калі пачалося галасаванне, то (а я быў старшынём падліковай камісіі на
той сесіі) проста сам не паверыў, калі падлічылі галасы: там літаральна
было на два галасы больш, чым патрэбна для таго, каб прыняць заяву
гарсавету, якая асуджае ГКЧП. Лічыць яго нелегітымным і незаконным і
патрабуе, каб яно сышло і вярнуўся канстытуцыйны лад.
Еўрарадыё: А дзе цяпер гэтыя пінскія дэпутаты-дэмакраты?
Ярашук: Ведаеце,
па-рознаму склаўся лёс. На жаль, ужо шмат каго няма, прайшло 20 гадоў
усё ж, гэтыя людзі адышлі ад нас. Нехта застаўся. Трэба сказаць, што
некалі Пінск быў такім дэмакратычным горадам, а зараз ён адзін з самых
такіх… У балоце знаходзіцца. Людзі нешта спрабуюць рабіць, але ўжо
ўзрост... Я ў той час быў адным з самых маладых дэпутатаў, а мне ўжо за
50 і хутка на пенсію ісці...
Еўрарадыё: А астатнія праводзяць нейкую грамадскую дзейнасць?
Ярашук:
Мы сустракаемся. Час ад часу сустракаемся з моладдзю, нешта праводзім,
але нейкай арганізаванай працы ўжо няма, на жаль. Нас у Пінску, тых
дэпутатаў, засталося не так ужо і шмат, на жаль.