Яўген Ліпковіч: Грамадства падзялілі на “чыстых” і “не чыстых”
Паводле слоў блогера, нягледзячы на забарону, наведавальнасць яго блога вырасла на 300%.
Паводле інфармацыі, якая з'явілася ў Інтэрнэце, прадпрыемства па нагляду за электрасувяззю “БелДІЭ” палічыла, што блог Яўгена Ліпковіча “распаўсюджвае інфармацыю дэструктыўнага характару і здзекуецца з дзяржаўнай сімволікі”. Таму доступ да яго для дзяржаўных структураў, установаў адукацыі ды культуры мусіць быць абмежаваны.
Блогер лічыць такую забарону відавочнай цэнзурай.
Яўген Ліпковіч: “Па-першае, гэта відавочная цэнзура. Тое, што яны абмежавалі доступ да майго блога, можа азначаць для дзяржструктур, для ўстановаў культуры і г. д., што зноў падзелена грамадства на “чыстых” і “не чыстых”. У нас усе грамадзяне роўныя перад законам, дык абмяжоўвайце доступ для ўсёй краіны, урэшце рэшт. Я лічу, што тут праглядаюцца два парушэнні Канстытуцыі”.
Ліпковіч афіцыйных дакументаў пра забарону свайго блога не атрымаў. Да канца гэтага тыдня блогер плануе прыняць рашэнне, што рабіць далей.
Нагадаем, раней у спіс абмежаванага доступу ўнеслі сайты Хартия97, belaruspartisan.org і prokopovi.ch.