Yellow Brick Road патрацяць на здымкі кліпа ўсе заробленыя грошы
А ў якасці акцёраў могуць выступіць усе жадаючыя!
Матэрыял для лайф-відэа на песню "S.Y.S.T.R.N.R." Yellow Brick Road збіралі цягам трох апошніх еўрапейскіх тураў і фестваляў па Прыбалтыцы. У апошнюю з такіх паездак гурт захапіў з сабой аператара, які "даздымаў" адмысловыя сцэны для відэа - бэк-стэйджы і фестывальную атмасферу.
Як распявёў Еўрарадыё былы басіст Yellow Brick Road Зміцер Хламаў (ён, дарэчы,таксама з’явіцца ў відэа і часова заменіць новага басіста гурта Паўла Арлова - заўв.рэд.), матэырял атрымаўся вельмі плённы. Для канчатковага варыянта кліпу не хапае ўсяго некалькіх кадраў, якія першапачаткова планавалася зняць… у хляве!
"Але падыходзячага хлява ў Мінску не знайшлося, затое знайшоўся клуб "Салтайм"! – распавядае Зміцер Хламаў. – Будзем здымаць выступ гурта на сцэне. Акрамя таго відэа, якое было знятае падчас тура, нам спатрэбілася яшчэ вось такая пастановачная сцэна. Дарэчы, запрашаю ўзяць у здымках усіх жадаючых!"
Песня "S.Y.S.T.R.N.R.", якую музыканты абралі для кліпа - своеасаблівы гімн з другой пласцінкі гурта "Honeymoon".
"Мы яе вельмі даўно хацелі экранізаваць, але нейкія незразумелыя выпадкі гэтаму перашкаджалі". – распавядае Зміцер Хламаў.
Так, відэа на "S.Y.S.T.R.N.R." музыканты ўжо спрабавалі зняць некалькі месяцаў таму.Рэжысёрам выступіла выпускніца Акадэміі мастацтваў, а кліп стаў яе дыпломнай работай. Але, як не дзіўна, дзяўчына загадкава знікла, і музыканты так і не змаглі атрымаць выніковы варыянт відэа.
Зміцер Хламаў: "Мы нават паглядзелі прэв’ю гэтага відэа! Усё было зроблена ў графіцы. Але з таго часу мы не бачылі і не чулі гэтую дзяўчыну і нам незразумелы лёс гэтага кліпа. Але будзе вельмі нават здорава, калі з’явіцца і другая версія відэа, графічная! Але нешта мне слаба верыцца, што дзяўчына знойдзецца і даробіць сваю працу".
Зараз жа рэжысёрам кліпа выступіў Сяргей Пратасавіцкі і студыя Malamoute Production – вядомая ў музычнай прасторы па здымках кліпа "I wanna be Madonna" для гурта No comment band.
Што тычыцца бюджэту відэа – на здымкі пайшлі ўсе грошы, якія музыканты зарабілі цягам тура.
"Роўна столькі ганарараў атрымаў гурт Yellow Brick Road падчас канцэртаў у Польшчы, Літве і Латвіі, што нам хапіла на кліп!" - смяецца Зміцер Хламаў.
Чакаецца, што відэа на песню "S.Y.S.T.R.N.R." з’явіцца ў верасні. Як кажуць музыканты – яны цалкам давяраюць рэжысёру, таму, дата выхаду кліпа залежыць толькі ад яго.
Зміцер Хламаў: "Я нават распавяду вам па сакрэце, што нядаўна быў у Сяргея і бачыў матэрыялы, якія яны знялі і папярэдні мантаж. І магу сказаць, што я не бачыў такіх лайф-кліпаў у беларускіх музыкантаў. З густам і па-еўрапейску!"
Нагадаем, што здымкі кліпа адбудуцца сёння, 22-га жніўня, у сталічным клубе "Салтайм".