Yellow Brick Road прадставіць новы альбом за тыдзень да канца свету(відэа)

Першапачаткова Yellow Brick Road заяўлялі пра выхад трэцяга альбома яшчэ напрыканцы жніўня. Але ім татальна не шанцавала з басістамі, што крыху змяніла планы. Гурту зноў давялося шукаць новага музыку, і калі працу над альбомам усё ж атрымалася скончыць з Уладзімірам Развадоўскім, то ў будучы тур гурт адправіцца ўжо з Іллём Давідовічам.

Новая "магічная" дата рэліза — 12.12.12. "Абкатаць" новы альбом хлопцы вырашылі канцэртам у Будапешце 20-га кастрычніка. Мінская ж прэзентацыя адбудзецца 28-га снежня ў мінскім Re:Public — за гэты час Yellow Brick Road збіраюцца адрэпетаваць сур’ёзную новую праграму з сапраўдным хорам, камандай "футбалістаў", духавымі і клавішнымі.

Альбом "у пер’і нябачаных птушак", як яго загадзя анансавалі Yellow Brick Road, атрымаў назву "FUTUREMENTAL". Пласцінка складаецца з 11 кампазіцый. Па словах музыкаў, у іх гурт адыходзіць ад "гаражнага" рок-н-ролу і рухаецца да атмасфернай і асэнсаванай музыкі.

Але каб прыхільнікі творчасці ўжо цяпер змаглі зразумець, чаго чакаць у новым альбоме, музыкі падрыхтавалі адмысловы цізер: у 70-секундным відэа аўтарства Сяргея Пратасавіцкага тлумачыцца, што ж за змены адбыліся ў гурта за гэты час. У містыцы, прыглушанасці і нейкай манатоннасці відэа нараджаецца тая самая імпульсіўнасць і незразумеласць на шляху стварэння новага альбома, інтрыгуе рэжысёр, а сфера на апошняй секундзе роліка стане будучай вокладкай "FUTUREMENTAL":

"Хлопцы мэтанакіравана да чагосьці рухаюцца, але ўсё ж самі не ведаюць, да якога выніку яны прыйдуць. І вось я хацеў паказаць гэты іх шлях, гэтую кропку, калі яны прыйдуць да свайго дзецішча, якое іх чакае. І ні яны, не мы да самага апошняга кадра, які доўжыцца менш, за секунду, не ведаем, што ж гэта будзе".

Пакуль гурт абмяркоўвае, ці паддацца усеагульнай тэндэнцыі выкладання альбомаў у інтэрнэт. Але як мінімум сінгл у сеціве абавязкова з’явіцца, абяцаюць музыкі.

Дарэчы, на сайце Еўрарадыё можна пачытаць вялікае інтэрв'ю з музыкамі Yellow Brick Road.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі