Yellow Brick Road прэзентуе другі кліп

19-га кастрычніка ў сталічным DOODAH KING-бары гурт Yellow Brick Road прэзентуе свой другі па ліку кліп на песню "S.Y.S.T.R.N.R." Рэжысёрам "S.Y.S.T.R.N.R." выступіў Сяргей Пратасавіцкі і мінская студыя Malamoute Production.

Матэрыял для відэа Yellow Brick Road і Сяргей Пратасавіцкі збіралі падчас гастроляў па Еўропе. У кліп таксама ўвойдуць фрагменты "закуліснага" жыцця гурта. Музыканты засталіся задаволенымі вынікам сумеснай працы.

"Будзе вельмі прыгожа! Гэта будзе дакументальны кліп, – распавядае вакаліст каманды Ян Максімовіч. - Мы бралі з сабой рэжысёра і аператара. Яны здымалі, як мы выступаем, як вандруем – то бок сачылі за нашым жыццём. Былі, вядома, і пастановачныя моманты. Запрашаем усіх паглядзець вынік гэтай працы!"

Да таго ж, на канцэрце Yellow Brick Road разыграюць квіткі на VIP-прагляд канцэртнага DVD, які каманда запісала года таму падчас прэзентацыі альбома "Honeymoon" у Рэактары.

"Прэзентацыя DVD плануецца ў кінатэатры. У якім – пакуль не скажу! – інтрыгуе Ян. – Гэта будзе адзіны сеанс. А запрашэнні на прагляд будуць выдавацца і разыгрывацца непасрэдна на прэзентацыі кліпа ў DOODAH KING".

Нагадаем, што прэзентацыя кліпа адбудзецца 19-га кастрычніка ў клубе DOODAH KING а 19-ай гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі