Yellow Brick Road:Futuremental іншы антураж,пара году і іншае адзенне
А прэзентацыя новага альбома мінскіх музыкаў – наш адказ Мэрліну Мэнсану, лічаць наведвальнікі канцэрта-містыфікацыі.
Адказныя і прамалінейныя Yellow Brick Road не змяняюць сваім прынцыпам: як тое калісьці адбылося з прэзентацыяй "Honeymoon", так і цяпер для прэм’еры "Futuremental" музыкі паклапаціліся пра дадатковае святло і гук, прадумалі сцэну.
“Што мне спадабалася – так гэта што хлопцы паспрабавалі зрабіць цікавае шоў, запарыліся наконт святла, гука, флэшмобаў. Гэта цікава! Гэта не чарговы адыграны канцэрт нейкай каманды, а нешта незвычайнае для нашых шыротаў. За гэта ім рэспектушачка!” –дзеліцца ўражаннямі ад канцэрта гітарыст “Петли Пристрастия” Ваня Селішчаў.
Канцэрт-прэзентацыя новага альбома "Futuremental" - своеасаблівы адказ-ілюстрацыя пра ўсе змены ў Yellow Brick Road: за два гады хлопцы заўважна пасталелі, змянілі некалькіх бас-гітарыстаў і клавішнікаў, сталі граць больш складаную музыку ды захапіліся музычнымі эксперыментамі. І, гледзячы па размовах у курылках ды кулуарах, як раз гэтую трансфармацыю не зусім зразумелі як прыхільнікі Yellow Brick Road узору "Honeymoon", так і некаторыя калегі-музыкі. Але да крытыкі хлопцы, якія ўпэўнена крочаць па сваёй жоўтай цаглянай дарозе, былі гатовыя.
“Магчыма, гледачы чакалі больш запальнага, іскрыстага рок-н-рола, а ўбачылі такую лятаючую і плывучую праграму, – кажа вакаліст гурта Ян Максімовіч. – Можа быць, не ўсе ўсё зразумелі. Але ж усміхаліся! І, мне падаецца, не пашкадавалі, што прыйшлі. Мы ж папярэджвалі: для нас "Futuremental" - гэта іншы антураж, іншая пара году і іншае адзенне”.
Дарэчы, пра адзенне і антураж. Усім тым, каму не хапіла пер’я і скураных накідак у знешнім выглядзе музыкаў, Yellow Brick Road нагадваюць: дзівосныя ўбранні і скуры нябачаных жывёл варта шукаць у альбоме, а не на сцэне. Бясконцай энергетыкі і пранізлівага вакала Яна Максімовіча і без гэтага антуражу хапае на тое, каб свет раскалоўся на дзве часткі. Часам здавалася, што Яну проста мала месца – ён танчыў амаль наўпрост на маніторах і вырабляў, што хацеў з мікрафонам – хіба толькі не праглынуў! Але той, як дрэсіраваная кобра, паслухмяна вытрымаў усе трукі вакаліста.
“Сённяшняе “Wow” значна большае, чым тое, што я адчуваў падчас прэзентацыі "Honeymoon" у Рэактары. Чувакі выраслі! Мне гэта падабаецца і гэта заўважна! Крута! Мне вельмі спадабаўся нават проста іх выхад на сцэну, – кажа загадкавы музыка і тусоўшчык Боб. - І, нават калі параўнаць з нядаўнім канцэртам Мэнсана ў Мінску, падчас "Futuremental" было значна больш крута! І калі б я ўвогуле не ведаў гэтых хлопцаў, я б вырашыў, што я на канцэрце якой-небудзь вядомай еўрапейскай каманды”.
Свой выступ самі музыкі пакуль вырашылі не ацэньваць – занадта доўга рыхтаваліся! Пакуль хлопцы слухаюць водгукі, крытыку ды парады, а пасля абавязкова “пакапаюцца” ў відэазапісах і архівах ды паглядзяць усё на свежую галаву. Што тычыцца распаўсюджаных “водгукаў”, кшталту хто на каго падобны, і адправак да творчасці “The Mars Volta” Ян Максімовіч рашуча адказвае – акрамя гэтага, безумоўна, вядомага прагрэсіў-гурта такую музыку грае паўсвету, ды раіць не шукаць падабенства.
Завяршылася шоў, бадай, самай зразумелай і вядомай усім кампазіцыяй – “SYSTRNR”, пасля якой музыкі сціпла сышлі са сцэны. Нягледзячы на гучныя авацыі, на біс Yellow Brick Road усё ж не выйшлі. Затое зладзілі сапраўдную фота і аўтограф сесію для ўсіх жадаючых адразу ля сцэны.
“Мне падаецца, што хлопцы пасталелі, а акрамя нейкага камерцыйнага складніка ў іх з’явілася музыка-музыка, – распавядае вакаліст праектаў Dali і Rostany Віктар Рудэнка, якога Еўрарадыё разгледзела ў зале акурат у гэты момант. – Адчуваюцца эмоцыі, і гэтая музыка, як па мне, стала больш цікавай не толькі гледачам, але і музыкам. Мне было кайфова знайсці тут і нейкія адыходы ад стандартных рыфаў, і прыемную псіхадэліку і чылаўт. Карацей, усё, чаго не хапала раней. They are complete, як кажуць! Мне падаецца, што цяпер у іх ёсць свой твар”.
Еўрарадыё як раз падалося, што свой твар музыкі Yellow Brick Road яшчэ шукаюць. І шоў, ад якога безапеляцыйна знясе галаву, у музыкаў яшчэ наперадзе.