Юрый Салодкі: Мяне выклікаюць на допыт па факце абразы прэзідэнта

Актывіст Руху "За свабоду" Юрый Салодкі быў затрыманы 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы ў Мінску падчас акцыі пратэсту. Яго асудзілі на 13 сутак арышту, а цяпер, ужо пасля вызвалення, выклікаюць на допыт па іншай справе.

Еўрарадыё: Вас выклікаюць у пракуратуру за абразу Аляксандра Лукашэнкі. На вашую думку, якім чынам вы яго абразілі і чаму вамі зараз зацікавілася пракуратура?

Салодкі: “Не ведаю, якім чынам. Адміністрацыйны арышт у мяне быў да 16 ліпеня, два дні я парадаваўся свайму вызваленню. А сёння мне тэлефанавалі з пракуратуры абласной і выклікаюць на допыт па факце абразы прэзідэнта. На маё пытанне, калі я абразіў яго, пры якіх абставінах, яны кажуць, што на нейкіх сайтах з’явіліся мае выказванні, якія абражаюць прэзідэнта, якія прыніжаюць яго годнасць”.

Еўрарадыё: А вы не ведаеце, што гэта за выказванні?

Салодкі: “Я не памятаю за апошні месяц, каб я неяк абразіў прэзідэнта. Тое, што я кажу заўседы: пра незаконнасць абрання, пра самаабранне — гэта вядома...”.

Еўрарадыё: Вас толькі праз тэлефон выклікалі ці нейкая афіцыйная папера прыйшла?

Салодкі: “На адрас там, дзе я зарэгіставаны, прыходзіла шмат позваў, нават калі я сядзеў у жодзінскім СІЗА, прыходзіла 5 ці 6 прапановаў прысці на допыт, але я не мог, канешне, з’явіцца. І яны мне патэлефанавалі сёння”.

Еўрарадыё: Вы паедзеце на гэтую сустрэчу з пракуратурай?

Салодкі: “Так. Я зараз еду на сустрэчу са сваім адвакатам, мы паразмаўляем на гэты конт, што і як рабіць. Думаю, што я паеду, бо няма ніякіх падставаў лічыць, што я вінаваты”.

Еўрарадыё: Ці вашыя родныя цяпер адчуваюць нейкі ціск?

Салодкі: “Так. Калі я быў арыштаваны, міліцыянты прыходзілі дадому пыталіся ў бацькоў, ці я п’ю, ці ўжываю наркотыкі, ці няма ў мяне дрэнных сяброў. Тое ж пыталіся на маёй працы, у майго дырэктара, толькі прадставіліся як супрацоўнікі КДБ. Казалі, што гэта будзе не апошні званок”.

Фота — nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі