З аптэк знікаюць таблеткі для хворых на страўнік
Беларускі “Панкрэацін” немагчыма набыць, бо прэпарат праходзіць... перарэгістрацыю.
“Панкрэаціну” няма па горадзе. І няма таксама на аптэчным складзе. Нейкія перабоі з пастаўкамі — гэта ўжо тыдні два-тры. Ёсць расійскі “Панкрэацін” у двух месцах”, — кажуць у аптэцы №36 ад “Белфармацыі”, калі пытаюся пра айчынны прэпарат.
І супакойваюць, што, калі паказаць рэцэпт, выпісаны на беларускі “Панкрэацін”, можна набыць расійскі аналаг.
Гэты прэпарат уваходзіць у спіс лекаў, якія выпісваюць на ільготных умовах (да 10% ад кошту)! І да таго ж яго выпускаюць у Беларусі!
Няма прэпарату для страўніка і ў 15-ай аптэцы ад “Белфармацыі”. Тут адразу прапануюць украінскі аналаг “Панкрэазін”. Але тады давядзецца ісці да доктара, каб той перапісаў рэцэпт.
“У нас цяпер ёсць “Панкрэазін” украінскі, ён па складзе такі ж. Адзінае, што — калі вы маеце ільготны рэцэпт, то мусіць быць напісаная менавіта такая назва. У нас заўжды ёсць, чым замяніць прэпарат, калі нечага няма. Адзіная цяжкасць — што можа давядзецца перапісаць рэцэпт”, — гавораць у 15-й аптэцы.
І прыгадваюць, што нядаўна былі перабоі з маззю для суставаў “Хандраксід”. Цяпер яна з’явілася.
У 26-ай аптэцы абяцаюць, што беларускі “Панкрэацін” з’явіцца ў пятніцу.
“У нас апошнія два пачкі забралі вось-вось. У пятніцу ў нас пастаўкі мусяць ужо прывезці”, — кажа аптэкарка.
У фірме-вытворцы — РУП “Белмедпрэпараты” — нічым дапамагчы не могуць: беларускі “Панкрэацін” мусіць праходзіць абавязковую (!) перарэгістрацыю.
“У гэтага прэпарата ў лютым скончыўся тэрмін рэгістрацыйнага пасведчання. Таму ў лютым ён знаходзіўся на перарэгістрацыі. Адпаведна, мы яго рабіць не маглі, а за люты ўсё з аптэк раскупілі. То бок прадаваць мы яго маглі, а рабіць новы — ужо не”, — тлумачаць Еўрарадыё на “Белмедпрэпаратах”.
Тое, што лекі нельга выпускаць падчас перарэгістрацыі, пацвярджаюць і ў Цэнтры экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя.
“Прэпарат могуць рабіць, толькі калі на яго яшчэ дзейнічае рэгістрацыйнае пасведчанне”, — кажа супрацоўніца Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў.
Не дзіва, што беларусы ездзяць па лекі ў Расію, бо там, як і ў Еўрасаюзе, працэдуру абавязковай перарэгістрацыі лекаў адмянілі яшчэ 3 гады таму. А ў Беларусі прэпараты перарэгістроўваюць раз на 5 год.
Фота: madebypygmalion.com