З "чорнага спісу" Еўрасаюза прапануюць выкрасліць Пефціева і рэктараў ВНУ
Пра гэта Еўрарадыё распавяла кіраўніца брусэльскага офісу "За дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская.
Нагадаем, што Віталь Рымашэўскі паведаміў, быццам шэраг беларускіх палітыкаў і офіс "За дэмакратычную Беларусь" прапануюць скараціць на 25 прозвішчаў спіс неўязных у Еўрасаюз беларускіх чыноўнікаў.
Вольга Стужынская кажа, што аўтары гэтай ідэі прапануюць перагледзець найперш крытэры "чорнага спісу" і выкрасліць з яго асобныя катэгорыі. Напрыклад, выкрасліць са спісу неўязных катэгорыю рэктараў ВНУ. Тлумачыцца гэта неабходнасцю рэформаў у беларускай вышэйшай адукацыі. А правесці рэформы без супрацы з Еўрасаюзам немагчыма, кажа Стужынская
Разам з тым яна пацвярджае, што прапануецца выкрасліць са спісу імя Уладзіміра Пефціева.
Стужынская: "Сапраўды, гэтае прозвішча было ў спісе. Але вы ўлічвайце, што не я адна складала гэты спіс — гэта меркаванне агульнае. І падставай былі тыя тлумачэнні, якія там прадстаўленыя. Чаму гэты бізнэсмэн? Не таму што ён вінаваты ці невінаваты... Але чаму менавіта толькі ён? На якіх падставах быў выбраны толькі гэты чалавек? Тады трэба ўключаць шэраг іншых людзей. Вось і ўсе аргументы!.. Але я кажу: большасць прозвішчаў, якія былі ў спісе, — гэта пераважна катэгорыі і пытанні па катэгорыях, а не па прозвішчах".
Нагадаем, бізнэсоўца ўнеслі ў "чорны спіс" у 2011 годзе. Як тлумачылася ў дакументах Еўрасаюза, Пефціеў — "асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям`ёй, галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня савета акцыянераў "Белтэхэкспарта", найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў".