З дынамікаў міліцэйскай машыны гаварылі пра паэта Багдановіча
А бабулькі пераконвалі "сувораўцаў", што калі б яны былі "касцюшкаўцамі", то "гэта было б крута".
Дзень памяці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адзначаецца сёння ў літаратурным музеі паэта ў Мінску. Апоўдні адбылася ўрачыстаць каля помніка Багдановічу каля опернага тэатру. Сярод іншых там выступаў міністр культуры Павел Латушка. Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з паэтам, блогерам Глебам Лабадзенкам, які прысутнічаў на ўрачыстасці.
Лабадзенка: “Да помніка Максіма Багдановіча, дзе праходзіць урачыстасць, прывялі цэлую групу сувораўцаў, а нейкія бабулькі стараюцца ім давесці, што калі б яны былі не нашчадкі Суворава, а Касцюшкі, то ўсе б было круцей і весялей... Таксама прывялі школьнікаў, я ў іх распытаўся — яны слаба ўяўляюць, хто такі Максім Багдановіч...
Але адметнасць гэтага Дня памяці ў тым, што ён упершыню праводзіцца на вольным паветры, бо раней адбывалася ў музеі. А па-другое, сёння выступаў міністр культуры Павел Латушка, які прачытаў на памяць частку верша Макісма Багдановіча “Зорка Венера”... Міністр сказаў, што у гэтым годзе будзе дом Багдановіча адноўлены, які літаральна праз дарогу знаходзіўся, і будзе нейкая кніга выдадзена.
Дарэчы, апаратура, якую вы чуеце, што зараз нехта гаворыць, гэта тая самая міліцэйская машына, якая на мітынгах гаворыць, што "збор тут нелегальны, разыдзіцеся", а цяпер з гэтых дынамікаў пра Багдановіча гавораць”.
Фота — bymedia.net