З Мінска дэпартавалі расійскага журналіста, яму забаранілі ўезд на 5 гадоў
Расійскага журналіста тэлеканала “Дождж” Радзівона Марынічава сёння затрымалі на 3 гадзіны супрацоўнікі міліцыі.
Ён прыехаў у Беларусь, каб зрабіць матэрыял пра сітуацыю ў нашай краіне. Марынічаў планаваў запісаць інтэрв’ю як з простымі беларусамі, так і з палітыкамі. Пасля размовы з Ірынай Халіп на выхадзе з Парка Горкага Радзівона Марынічава затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Як распавёў журналіст Еўрарадыё, у яго дакументах знайшлі пасведчанне расійскага журналіста. Калі высветлілася, што ён не мае акрэдытацыі, яму прапанавалі праехаць у Партызанскі РУУС. Там склалі пратакол. Прыкладна праз тры гадзіны Марынічаву паведамілі, што ён павінен пакінуць краіну, а ўезд у Беларусь яму забаронены на бліжэйшыя 5 гадоў. Журналісту вярнулі рэчы і камеру без флэш-карты з запісамі інтэрв’ю.
Радзівон кажа, што проста не ведаў, што ў Беларусі патрэбная акрэдытацыя, нават калі едзеш здымаць звычайных людзей, а не высокіх чыноўнікаў.