З раніцы беларусы галасуюць за... кандыдатаў, якія выбылі з выбараў

120918_luka6uk_vybyl.mp3

У першы дзень датэрміновага галасавання ў сталічнай акрузе №99 можна галасаваць за сябра АГП Уладзіміра Раманоўскага. Але ён зняўся з выбараў!

У камісіі гэтую недарэчнасць тлумачаць тым, што дакументы аб зняцці прыйшлі запозна.

Акруговая камісія №99: “Толькі ўчора ўвечары атрымалі ліст ад партыі. Рашэнне будзе прымацца сёння на пасяджэнні. Бо камісія мае права прасіць яго застацца — просіць жа зняць партыя. Папера прыйшла ад імя партыі — пратакол пасяджэння”.

Маўляў, камісія хоча даведацца яго асабістае меркаванне наконт зняцця і, магчыма, паспрабуе ўгаварыць працягваць змаганне за дэпутацкі мандат. Праўда, пасля невялікай паўзы суразмоўца Еўрарадыё прызнаецца, што з Раманоўскім ужо гутарылі, ён сваё рашэнне пацвердзіў.

Тым не менш з раніцы людзі ідуць галасаваць датэрмінова. Можа і за Уладзіміра Раманоўскага. Што будзе з гэтымі галасамі пасля зацверджанага зняцця? — пытаецца Еўрарадыё.

Акруговая камісія №99: “Калі ён сёння дакладна пацвердзіць згоду сысці, то гэтыя галасы проста застануцца”.

Еўрарадыё: А як яны будуць афармляцца ў пратаколе?

Акруговая камісія №99: “Як толькі сёння будзе рашэнне камісіі акруговай, то камісія будзе і гэта пытанне таксама вырашаць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, неабходныя дакументы аб зняцці кандыдатаў у акруговыя камісіі цэнтралізавана дасылаліся з галоўнага офіса АГП. У акруговай камісіі №105 паспелі прыняць рашэнне аб “выбыцці” Анатоля Лябедзькі з выбараў.

Акруговая камісія №105: “Бюлетэнь застаецца, але ў адпаведнасці з заканадаўствам насупраць яго прозвішча пішацца: “Выбыў”.

Канчаткова “выбыў” і лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён асабіста прынёс неабходныя паперы ў акруговую камісію №92.

Акруговая камісія №92: “Ён напісаў нам заяву асабіста і прынёс выпіску з пратакола. Пасяджэнне камісіі акруговай прайшло сёння а 9-й гадзіне раніцы. І ўжо ўчастковыя камісіі пішуць: “Выбыў”. І заклейваюць на плакаце”.

А што будзе з галасамі за тых кандыдатаў, якія прымуць рашэнне зняцца, да прыкладу, увечары 22 верасня?


Акруговая камісія №92: “Ёсць графа ў пратаколе — “за кандыдата, які выбыў”. І гэтыя галасы нікому і нідзе не ўлічваюцца. Яны так і ідуць — “за кандыдата, які выбыў”.

У выніковым паказчыку адсотак людзей, якія прышлі галасаваць “за кандыдата, які выбыў”, асобнай графой не прапісваецца.

Фота: portalpk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі