З-за зменаў у законе фестывалі ў Беларусі “засакрэцілі”
Еўрарадыё даведалася, якія оупэнэйры чакаюць беларусаў у сёлетнім фестывальным сезоне.
Сёлета адбудуцца як мінімум тры буйныя беларускія фестывалі: "Камяніца", "Рок за Баброў" ды "Вольнае паветра". Ужо вядзецца праца над некалькімі новымі "жывымі" фэстамі, а таксама адраджэннем аднаго з найбуйнейшых оўпэнэйраў 2009 года. Еўрарадыё вырашыла больш падрабязна даведацца пра беларускі фестывальны сезон.
Да прыкладу, адна з самых адметных падзеяў мінулага лета – фестываль "Вольнае паветра", зноў адбудзецца на хутары "Шаблі" ў апошнія выхадныя лета, 25 жніўня. Фестываль будзе аднадзённым, пачнецца прыкладна ў абед суботы, а скончыцца раніцай у нядзелю. Што ж тычыцца музычнага напаўнення, то сёлета будзе больш беларускіх гуртоў, сярод якіх значыцца і этна-трыа "Троіца".
"У якасці хэдлайнера выступіць альбо гурт "Хуун-Хуур-Ту" з Тувы, альбо гурт Mad Professor з Англіі, – агучвае лайн-ап адзін з арганізатараў фэсту Аляксандр Багданаў. – Таксама будуць гурты з Францыі, Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Гэта ўсё будуць гурты, якія спалучаюць у сваёй творчасці этнічныя матывы з сучаснымі музычнымі тэндэнцыямі".
Апроч таго, Аляксандр Багданаў плануе open-air "жывых" электронных гуртоў, дзе хэдлайнерам можа стаць знакаміты англійскі гурт Red Snapper.
Таксама сёлета адбудзецца і фальклорны фестываль "Камяніца", які ўжо смела можна назваць адным з найбуйнейшых у краіне. Пройдзе ён традыцыйна на тэрыторыі Строчыцкага Музея народнай архітэктуры і побыту у першыя выхадныя верасня.
"Зараз разглядаецца магчымасць правесці яго цягам некалькіх дзён, – распавядае арганізатар фэсту Сяргей Чагрынец. – Мы хочам пашырыць геаграфію фэста і запрасіць калектывы з суседніх краін. Натуральна, ідэя мінулагодняй этна-дэскатэкі Алега Скрыпкі лунае ў паветры. Мы для сябе адзначылі, што зрабіць фініш нашага фэсту больш запамінальным, чым у мінулым годзе, будзе вельмі складана. У прынцыпе, гэта пытанне, якое нас найбольш зараз хвалюе".
На жаль, размовы пра прывоз украінскага фестывалю "Краіна мрій" у Беларусь, пакуль засталіся размовамі. Безумоўна, былі зробленыя пэўныя спробы ажыццявіць файную ідэю, але ўсё, як звычайна, упёрлася ў фінансаванне. Затое Сяргей Чагрынец не выключае і, нават схіляецца да таго, каб лідар "Воплей Відаплясава" Алег Скрыпка зноў закрываў "Камяніцу".
А вось паглядзець на прыгожыя салюты ды феерверкі пад жывыя выступы знакамітых гуртоў, сёлета зноў не атрымаецца. Арганізатары фестывалю "Навальніца", як і ў мінулым годзе, не знайшлі дастаткова сродкаў для яго правядзення. Праўда, паабяцалі, што ў 2013-м сітуацыю абавязкова выправяць. Пакуль жа яны паедуць браць удзел у піратэхнічных спаборніцтвах у іншых краінах.
Еўрарадыё даведалася, што рыхтуецца фестываль "Рок за Баброў", таксама сёлета мусіць адрадзіцца адзін з найбуйнейшых оўпэнэйраў 2009 года, рыхтуюцца і абласныя фестывалі, праўда, ні дат, ні месцаў, ні выступоўцаў арганізатары пакуль не называюць. Але смела можна сказаць, што самай папулярнай пляцоўкай для беларускіх оўпэнэйраў 2012 года стане хутар "Шаблі".
"Сыходзячы з прынятага закона "Аб масавых мерапрыемствах", арганізатары канцэртаў не маюць права рэкламаваць свае канцэрты пакуль не атрымаюць усе дазволы, - тлумачыць нежаданне розных арганізатараў распавядаць пра будучыя мерапрыемствы гаспадар хутара "Шаблі" Уладзімір Шаблінскі. - Таму магу распавесці толькі пра "Вольнае паветра". Перад ім будуць яшчэ 2-3 рознай велічыні фестывалі. Штосьці будзе праходзіць пад брэндам "Канцэрт на траве", а штосьці будзе мець сваю ўласную назву".
Не варта забывацца і пра тое, што нягледзячы на пэўныя фінансавыя і арганізацыйныя праблемы, з 13 па 15 ліпеня каля польскага мястэчка Гарадок на Беласточчыне пройдзе 23-ці фестываль "Басовішча". Арганізатары пакуль не ведаюць, хто будзе хэдлайнерам бо гэта залежыць ад рашэння польскага Міністэрства адміністрацыі. Калі яны ўсё ж выдаткуюць грошы на правядзення фэста, то можна будзе казаць і пра сур'ёзныя гурты.