За 100 еўра “сутачных” могуць прысудзіць 145 еўра штрафу

121019_luka6uk_suta4nye.mp3

Беларускія апазіцыянеры атрымалі з Польшчы фінансавыя дакументы пра падатковае разлічэнне на 100 еўра сутачных, якія яны атрымалі падчас Саміту Усходняга партнёрства ў 2011 годзе. Лісты адпаведнага зместу прыйшлі беларускім адрасатам звычайнай (!) поштай 8 месяцаў таму. Ці не чакае іх лёс Алеся Бяляцкага?


У  МЗС Польшчы, якое лісты і дасылала, упэўненыя: ніякай шкоды беларускім удзельнікам Саміту ад гэтага не будзе.


“Ад часу адпраўлення падатковых квітанцыяў (на невялікія сумы ад 100 да 120 еўра) мінула 8 месяцаў, а нічога з асобамі, якія іх атрымалі, не здарылася. Яны бралі ўдзел у абсалютна адкрытым мерапрыемстве, былі на ім актыўныя. Падчас саміту сустракаліся з арганізатарамі, з медыя, з еўрапейскімі палітыкамі. Гэта нельга параўноўваць са справай Алеся Бяляцкага, бо "сутачныя" не выдаваліся ў якасці забароненай законам РБ замежнай падтрымкі няўрадавых праектаў”, — тлумачыць Еўрарадыё пазіцыю польскага МЗС прэс-сакратар Марцін Басацкі.


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч такой упэўненасці не мае. Нягледзячы на тое, што “мінула ўжо 8 месяцаў” і ніхто з атрымальнікаў фінансавых дакументаў з Польшчы пакуль ніякім чынам не пацярпеў.


Валянцін Стэфановіч: “Пытанне ў тым, як гэта практыкуюць нашы ўлады: ці як звычайны прыбытак з-за мяжы, які проста трэба дэклараваць і выплачваць падатак, ці як бязвыплатную замежную дапамогу. Калі гэта бязвыплатная дапамога, якая была прывезеная ў Беларусь нейкім чынам і незадэклараваная ў Дэпартаменце па гуманітарнай дапамозе пры Адміністрацыі прэзідэнта, і выкарыстаная без гэтай рэгістрацыі — гэта складае адміністрацыйнае правапарушэнне. Напачатку гэта адміністрацыйная адказнасць, другі раз цягам года — крымінальная”.


Прычым патрапіць пад артыкул і адказнасць можна, нават калі ты атрымаў, да прыкладу, два долары! У выпадку, калі гэтыя два долары атрыманыя і незадэклараваныя ў адпаведным дэпартаменце прэзідэнцкай адміністрацыі, парушальнік фінансавай дысцыпліны будзе аштрафаваны на суму да 1,5 мільёна рублёў. У выпадку з удзельнікамі варшаўскай канферэнцыі штраф амаль напалову перавысіць атрыманыя “сутачныя”!


Імёны беларускіх атрымальнікаў “лістоў фінансавага шчасця” з Польшчы МЗС гэтай краіны зараз не называе. Паводле інфармацыі газеты "Rzeczpospolita", іх каля 30 чалавек. У польскім знешнепалітычным ведамстве кажуць пра “некалькі чалавек”. Праўда, для таго, каб асудзіць гэтых людзей, адной інфармацыі пра факт атрымання імі грошай недастаткова.


Валянцін Стэфановіч: “Прачытаць ліст можна толькі з санкцыі пракурора ў межах хаця б аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў — гучнай справы. Проста так лісты чытаць ніхто не можа. Не — канешне, яны могуць іх прачытаць, але працэсуальна выкарыстаць гэта вельмі цяжка”.


Каб мець на руках рэальныя доказы, беларускі бок павінен звярнуцца да польскіх калег — папрасіць даслаць неабходныя дакументы ў межах Дамовы аб прававой дапамозе паміж нашымі краінамі. Іншая справа, ці будзе такая дапамога аказаная пасля выпадку з Алесем Бяляцкім.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі