За беларускую візу амерыканец заплаціць у 9 разоў больш за іранца
А для англічаніна беларуская віза ў чатыры разы даражэй, чым для кітайца.“Кошт візы вызначаецца паводле прынцыпу ўзаемнасці”, — тлумачыць МЗС.
Беларусь і Турцыя падрыхтавалі пагадненне аб адмене візавага рэжыму. Пакуль наведаць Беларусь туркам каштуе 60 еўра, а беларусам з’ездзіць на мора ў Турцыю — 20 долараў за марку ў пашпарт адразу ў аэрапорце.
А вось у мінскім аэрапорце туркам штампік не ставяць, трэба звяртацца ў амбасаду. Такі “прынцып узаемнасці”. Атрымліваецца, турэцкім грамадзянам беларуская віза абыходзіцца ў чатыры разы даражэй, чым беларусам — штампік Турэцкай Рэспублікі. Так што ад адмены віз найбольш выйграюць туркі.
Беларуская віза для афрыканца ці бразільца будзе каштаваць 60 еўра.
“Самая дарагая — для грамадзян ЗША, для астатніх — 60 еўра. Для грамадзян ЗША — 140 долараў, Вялікабрытанія — 114”, — называюць Еўрарадыё кошты ў Міністэрстве замежных спраў.
А самыя танныя візы ў Беларусь — для кітайцаў і іранцаў.
“Для кітайцаў — 30 долараў ЗША, для іранцаў — 15 і для грамадзян Туркменістана — 50 долараў”, — кажуць у Міністэрстве замежных спраў. І ўпэўніваюць, што кошт віз вызначаецца паводле прынцыпу ўзаемнасці: колькі яны нам, столькі і мы ім.
“Я 90 еўра за візу плаціў. Гэта была двухразовая, — распавядае Патэрсан з Бразіліі, які летась прыязджаў у Беларусь. — Я рабіў візу ў Расіі. Я быў у Наваполацку, Мінску, Брэсце”.
Аднаразовая віза для бразільцаў абыйдзецца ў 60 еўра. Патэрсан зноў збіраецца ў Беларусь на Купалле. Будзе рабіць візу.
“Мне не патрэбная віза ў ЕС, а ў Беларусь трэба плаціць 60 еўра. Гэта дорага”, — гаворыць Патэрсан.
Для беларусаў віза на паездку ў Бразілію абыходзіцца ў 4 (!) разы танней.
“Турыстычная віза для беларусаў каштуе каля 23 долараў. Гэта ў консульскім аддзеле ў Маскве. Вядуцца нейкія перамовы, каб кошт для грамадзян Бразіліі, якія едуць у Беларусь, былі менш, але канкрэтных вынікаў пакуль няма”, — распавядаюць у пасольстве Бразіліі ў Мінску.
Фота: static2.gooddays.ru