За чатыры месяцы тры дзясяткі мужчын паскардзіліся на “хатні гвалт”
А з паўтысячы пакрыўджаных жанчын 70% пацярпелі ад фізічнага гвалту і 7% — ад сэксуальнага.
За месяц у міліцыю па тэлефоне скардзяцца на сямейныя канфлікты каля 20 тысяч чалавек. Пакутуе нават моцная палова! Бо самі даводзяць жанчын, запэўнівае прадстаўнік МУС Беларусі Алег Каразей падчас прэзентацыі кампаніі супраць хатняга гвалту і барацьбы з яго праявамі.
“Хапае падручны прадмет і прычыняе цялесныя пашкоджанні. Паколькі канфлікты часта бываюць на кухні, падручны прадмет нярэдка — нож. І гэта, часам, прыводзіць да таго, што мужчына гіне”, — адказвае Алег Каразей на пытанне Еўрарадыё.
Мужчыны нават тэлефануюць на гарачую лінію для “пацярпелых ад хатняга гвалту”. За чатыры месяцы такіх налічылі больш за тры дзясяткі. Большасць — пажылыя людзі, бо дзеці спрабуюць адабраць кватэру ці пенсію. Адзін з пазваніўшых прасіў навучыць стрымліваць… сваю агрэсію.
"Ён хацеў бы кантраляваць сваю агрэсію ў сям’і. Ён ведае, што ў яго ёсць праблемы, і хацеў, каб спецыялісты яму дапамаглі”, — распавядае старшыня праўлення аб’яднання “Гендэрныя перспектывы” Ірына Альхоўка.
Ірына Альхоўка - крайняя справа. На плакаце - тэлефон гарачай лініі
Агулам, на лінію за чатыры месяцы патэлефанавалі паўтысячы чалавек. 93% — жанчыны. Большасць жанчын скардзіліся на фізічны і эканамічны гвалт у сям’і і толькі 7% — на сексуальны гвалт.
Жанчыны нават падаюць на аліменты без разводу, бо муж не дае працаваць, наракае прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка:
“Гэта эканамічны гвалт, калі жанчына з дзіцём не мае за што жыць, вымушаная падаваць на аліменты на ўласнага мужа, а мужчына забараняе працаваць, каб мець уласную крыніцу даходу”.
А вось ад псіхалагічнага гвалту мужчыны і жанчыны пакутуюць аднолькава. Абражаць жанчыны таксама умеюць, прызнаецца каардынатар праграм фонда ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі Таццяна Гаплічнік:
“Прыніжаць адзін аднога мы можам добра. Паводле даследванняў 2008 года, мы пыталі жанчын, ці практыкуюць яны дома гвалт. Там даволі высокі адсотак і ён уздымаецца са ўзростам - гэта калі з гадамі церпяць і ужо не вытрымліваюць: бяруцца за качалку”.
І абяцае, што калі на гарачую лінію для “пацярпелых ад хатняга гвалту” мужчына паскардзіцца на жонку, таксама дапамогуць.
Фота1: xanga.com