За Дзень Волі арганізатары заплацяць дворнікам 5 мільёнаў?
25 сакавіка міліцыя, дворнікі, медыкі і ратавальнікі будуць аказваць дэманстрантам платныя паслугі.
Еўрарадыё даведалася, у колькі абыдзецца святкаванне Дня Волі. У адпаведнасці з новай версіяй закона “Аб масавых мерапрыемствах” аплачваць працу міліцыянтаў, медыкаў, пажарных ды дворнікаў на акцыях мусяць арганізатары.
Найперш, арганізатары мерапрыемства мусяць аплаціць паслугі міліцыі. Якая будзе не толькі сачыць за грамадскім парадкам, але і агароджваць турнікетамі месца мітынгу, ставіць металашукальнікі, весці фота і відэаздымкі мерапрыемства. Колькі гэта будзе каштаваць, кіраўнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі адказаць не здольны.
Аляксандр Ластоўскі: “Пакуль няма адказу. Калі будзе рашэнне на ахову правапарадку, тады я толькі змагу сказаць нейкія падрабязнасці”.
Адно парадаваў: на флэш-моб з 20 чалавек ставіць турнікеты і металашукальнік не трэба. Але ахову парадку аплаціць давядзецца. Абавязкова павінны прысутнічаць на масавым мерапрыемстве і супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Па словах намесніка начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Андрэя Краўчука, “арэнда” машыны з баявым разлікам на гадзіну каштуе 530 тысяч без прабегу.
Андрэй Краўчук: “Колькасць тэхнікі мы будзем вызначаць, калі мы бярэмся за забеспячэнне пажарнай бяспекі. Напрыклад, мы можам забяспечыць трыма машынамі і пяццю чалавекамі альбо дзвюма машынамі і адным чалавекам — у залежнасці ад колькасці людзей, тэрыторыі і працягласці мерапрыемства. Але гадзіна знаходжання ў заказчыка — 530 тысяч прыблізна. Плюс — прабег 7,6 тысяч за кіламетр. Гэта з баявым разлікам”.
А вось пытанне пра кошт прысутнасці выратавальнікаў на флэш-мобе яго насмяшыла.
Андрэй Краўчук: “На 20 чалавек?! Мы ўвогуле не займаемся такімі мерапрыемствамі — праводзьце флэш-моб. 20 чалавек і ў кіно ходзяць, нават больш, але ж мы ў кінатэатрах не дзяжурым!”
Яшчэ адна арганізацыя, з якой заяўнікі масавага мерапрыемства мусяць падпісаць пагадненне, — "Мінскзеленбуд". Паводле слоў галоўнага бухгалтара Алены Каваленкі, аказваць такія паслугі яны будуць упершыню. Таму нейкіх базавых расцэнак проста няма.
Алена Каваленка: “Гэта будзе праходзіць на землях, на якіх налічваецца зямельны падатак, ці гэта будзе аб’ект знешняга добраўпарадкавання, дзе трэба вылучаць зямельны падатак — тут вельмі шмат нюансаў. Проста выдаць, што гэта будзе каштаваць столькі, — немагчыма”.
У "Гаррэмаўтадоры" таксама гавораць, што працаваць на акцыях на камерцыйных пачатках будуць упершыню.
“Па тых разліках, па якіх мы прыбіраем тэрыторыю, а ў нас гадавыя дамовы, то замала грошай з вас атрымаецца. У мяне атрымалася, што прыбраць такую тэрыторыю (паводле разавай дамовы. — Еўрарадыё) каштуе 172 тысячы ў дзень — гэта капейкі. Думаю, кіраўніцтва мне скажа, што трэба “па-буйному” і, напэўна, скажуць мне пару мільёнчыкаў, мільёнчыкаў 5 налічыць”, — расказвае супрацоўніца арганізацыі.
Паставіць на плошчы Бангалор шэсць біяпрыбіральняў будзе каштаваць каля 2 мільёнаў у дзень.
І толькі разлікі медыкаў дакладныя ва ўсім. На акцыі да 1 тысячы чалавек дастаткова адной “хуткай” з брыгадай медыкаў, што каштуе каля 200 тысяч рублёў за гадзіну дзяжурства. Такія ж кошты і для флэш-моба. Самі арганізатары Дня Волі ва ўсе гэтыя ўстановы яшчэ не звярталіся — пакуль не ведаюць, што іх чакае.
Фота: http://fota.bymedia.net/