За дзесяць гадоў беларусы атрымалі больш за тысячу венгерскіх пашпартоў

121205_eurafokus.mp3

“Сярод краін ЕС часцей за ўсё беларусы атрымоўвалі грамадзянства Нямеччыны. За апошнія 10 гадоў амаль 3 тысячы беларусаў атрымалі грамадзянства Нямеччыны. Таксама даволі шмат атрымалі грамадзянства Польшчы, Вялікабрытаніі, Італіі, і, як гэта ні дзіўна, Венгрыі”, — кажа аналітык Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў Андрэй Елісееў.

Сапраўды, на старонцы Еўрастата падаецца, што за апошнія 10 гадоў нямецкае грамадзянства атрымалі 2920 беларусаў!

“Не ведаю, заўсёды сюды цягнула. Здавалася, што гэта самая вялікая еўрапейская рэспубліка, з вялікімі магчымасцямі. І ўсе жаданні і чаканні апраўдаліся”, — кажа грамадзянін Нямеччыны Яўген, якога ў 13 гадоў бацькі па “габрэйскай лініі” перавезлі з Магілёва ў нямецкую зямлю Бадэн-Вюртэмберг. Як высвятляецца, у сваёй “нямецкай мары” Яўген не адзіны.

“У першую чаргу чамусьці імкнуцца ў Нямеччыну. Ужо даўно ў апытаннях НІСЭПД асноўная маса чамусьці выбірае Нямеччыну. Можа, таму што там моцная сацыяльная палітыка, у тым ліку і ў адносінах да мігрантаў”, — кажа аналітык НІСЭПД, былы міністр працы, Аляксандр Сасноў.

Падчас апытанняў Вялікабрытанію як краіну пераезду беларусы ўзгадваюць не часта. Тым не менш з 2001 па 2010 год 1421 беларус атрымаў тут грамадзянства. Гэта ў 6,5 разоў менш, чым тых, хто папрасіў грамадзянства ў суседняй Літве. Тым часам Польшча за гэты перыяд выдала беларусам 1883 пашпарты. І гэта не дзіўна, кажа Андрэй Елісееў, бо Польшча і Беларусь з'яўляюцца краінамі-суседкамі, маюць шмат гістарычных і культурных сувязяў. Большую цікавасць у эксперта выклікае прыклад Венгрыі.

Андрэй Елісееў: “Венгрыя знаходзіцца даволі далёка, няма асаблівых гістарычных, культурных стасункаў. Тым не менш каля тысячы беларусаў атрымалі венгерскае грамадзянства за апошнія 10 гадоў паводле статыстыкі Еўрастата. Пакуль няма тлумачэння. Ёсць меркаванне, што там спрошчаныя працэдуры, каб атрымаць венгерскае грамадзянства”.

У сваю чаргу з Еўрасаюза ў Беларусь, вядома, ніхто не спяшаецца. Паводле Еўрастата, за дзесяць гадоў беларускія пашпарты атрымалі 6 грамадзянаў Нямеччыны, 2 брытанцы і ніводнага венгра, літоўца альбо паляка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі