За нелегальных кватарантаў суды змогуць канфіскоўваць жыллё

Як высветлілася, калі гаспадар здае кватэру альбо пакой без адпаведнага дазволу падаткавікоў, за гэта яго могуць пакараць нават канфіскацыяй жылля. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне Мінска Аляксандр Ранейскі.

Аляксандр Ранейскі: “Там прадугледжана альтэрнатыва — альбо штраф, альбо канфіскацыя. Гэта ўжо будзе суд вырашаць. Але гэта ў тым выпадку, калі гэта злосныя, сістэматычныя парушальнікі”.

У адпаведнасці з заканадаўствам, тыя, хто здае кватэру альбо пакой, займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Як і тыя бабулі, што прадаюць гародніну альбо семачкі ў пераходах, альбо аўтаўладальнікі, што “таксуюць”, не маючы дзяржаўнай рэгістрацыі ці ліцэнзіі.

А пакараннем за такі нелегальны бізнес можа стаць штраф у памеры да 3,5 мільёнаў рублёў з канфіскацыяй “рэчаў, прадметаў і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння”. Для “таксоўшчыкаў” гэта азначае канфіскацыю машыны, для бабулек — семачак, для ўладальнікаў здадзеных кватэр — канфіскацыю жыллёвай плошчы.

Праўда, да апошняга пакуль яшчэ справа не даходзіла, кажа прадстаўнік падатковых органаў.

Аляксандр Ранейскі: “Па кватэрах у мяне няма ў памяці, каб канфіскавалі. А вось па машынах, па прыватным перавозе, калі раней такая норма была ў Кодэксе, то такія выпадкі былі. Зразумела, што такі прысуд суды выносілі не з першага разу: усе разумеюць, што канфіскацыя — гэта ўжо такая сур’ёзная мера. Тым больш, па кватэрах. Тэарэтычна, такая норма ёсць. І калі сістэматычна будзе парушаць, то фактычна суд можа яе прымяніць. Іншае пытанне — прыменіць альбо не?”

Каб суддзя пайшоў на такую крайнюю меру, кажа Аляксандр Ранейскі, у суд павінны быць прадстаўленыя сур’ёзныя доказы таго, што чалавек пастаянна здае кватэру, атрымлівае з гэтага прыбытак, нідзе не зарэгістраваны і не плаціць падаткі.

Але ж усіх гэтых штрафаў і тым больш канфіскацыі жылля вельмі лёгка пазбегнуць.

Аляксандр Ранейскі: “Ён павінен стаць на ўлік і плаціць фіксаваную суму. За пакой — адна базавая. І плюс каэфіцыент у залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца гэта кватэра”.

На тое, што падаткавікі не даведаюцца пра незаконную дзейнасць такога кшталту, спадзявацца не трэба, кажа намеснік начальніка падатковай інспекцыі. Крыніц інфармацыі ў іх дастаткова.

Аляксандр Ранейскі:
“Розныя крыніцы: ёсць жа ЖЭСы, тыя ж суседзі, якія могуць праінфармаваць. Не ўсім жа падабаецца, калі заселіцца чалавек незразумелы і турбуе суседзяў”.

Можа і сам наймальнік, маючы пазыкі па квартплаце, “здаць” гаспадара кватэры падаткавікам, каб зэканоміць грошы. А ёсць яшчэ і міліцыянеры, якія таксама збіраюць інфармацыю на такіх прадпрымальнікаў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Аляксандр Ластоўскі:
“Прадпрымальніцкая дзейнасць тычыцца шмат якіх сфер гандлю і разлікаў. І праца вялася па ўсіх гэтых сферах. Я ўпэўнены, што па такіх кватэрах праца таксама вялася, і яна будзе весціся. Іншая справа, што яна будзе актывізавана”.

Вось толькі, на думку юрыста Гары Паганяйла, такія санкцыі не адпавядаюць цывілізацыйным стандартам прававой дзяржавы.

Гары Паганяйла:
“Прыватная ўласнасць павінна ахоўвацца законам, калі ты яе здабыў сумленнай працай. І забраць яе ў выглядзе рэалізацыі па нявыплаце падаткаў, пазбавіць жылля — так не мусіць быць”.

Асабліва, кажа, у тых выпадках, калі чалавек займаецца гэтым вымушана, зарабляе на жыццё, абмяжоўваючы ў жыллёвых умовах сябе. А што тычыцца таго, што да гэтага часу выпадкаў канфіскацыі кватэр за такое парушэнне не было, то, кажа юрыст, на тое гэтыя нормы і былі ўведзеныя, каб імі карыстацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі