За выбух каля віцебскага КДБ жанчыне пагражае да 10 гадоў зняволення
У сераду стала вядома, што затрыманая падазраваная ў арганізацыі выбуху, які адбыўся ўвечары 11 лістапада 2012 года.
Жанчыне 42 гады, яна працавала на адным з віцебскіх прадпрыемстваў. Раней яе прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за пашкоджанне маёмасці, хуліганства і крадзяжы. Жанчына жыла разам са старой маці, якая нічога не ведала пра цікавасць дачкі да выбуховых прыстасаванняў. Падазроная захаплялася мужчынскімі відамі спорту, была прыхільніцай мужчынскага стылю адзення.
Падчас ператрусу ў кватэры жанчыны знайшлі выбуховыя прыстасаванні, запісы па іх вырабу. Падчас допыту абвінавачаная ад дачы паказанняў адмовілася.
Як паведамляе БЕЛТА, 18 лютага было прынятае рашэнне пра ўзяцце жанчыны пад варту. У яе адносінах распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Асабліва злоснае хуліганства"). Ёй пагражае да 10 гадоў зняволення.
"Усе яе дзеянні атрымаюць крымінальна-прававую ацэнку... магчыма, ёй будзе таксама выстаўленае абвінавачанне ў незаконным вырабленні самаробных выбуховых прыстасаванняў", — паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін.
Папярэдняе следства працягваецца, адпрацоўваецца версія па датычнасці да справы аб выбуху іншых асобаў.
Нагадаем, выбух адбыўся ўвечары 11 лістапада 2012 года. У выніку падрыву "прымітыўнага самаробнага піратэхнічнага прыстасавання" былі пашкоджаныя дзве шыбы. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "хуліганства". Яе расследавала група найбольш дасведчаных супрацоўнікаў Следчага камітэта. Было дапытана больш за 400 чалавек, прызначана звыш 300 экспертызаў.