Забіраць машыны ў п’яных кіроўцаў будуць ужо ў наступным годзе?
“А потым прапануюць канфіскоўваць кватэры і расстрэльваць парушальнікаў?” — сумняваюцца ў дзейснасці прапановы супрацоўнікі ДАІ.
У нецвярозых кіроўцаў плануюць канфіскоўваць аўтамабілі. Нават калі яны не паспелі патрапіць у аварыю. Магчымасць такога пакарання аматараў выпіць і сесці за руль разгледзіць Генпракурор Аляксандр Канюк. Гэта будзе рэакцыяй пракуратуры на патрабаванне прэзідэнта ўзмацніць пакаранне для нецвярозых кіроўцаў.
Як паведамляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў, выканана даручэнне будзе ў самыя сціслыя тэрміны. Праўда, пра стварэнне адпаведнай працоўнай групы ён нічога не чуў.
Пётр Кісялёў: “Калі дадзена даручэнне, значыцца будуць працаваць. І працуюць. Казаць пра час (з’яўлення адпаведнага законапраекта. — Еўрарадыё), напэўна, ранавата. Але я мяркую, што ён будзе падрыхтаваны ў сціслыя тэрміны. І ўпэўнены, што яшчэ ў гэтым годзе мы з вамі сведкамі станем”.
Цікава, што, паводле звестак ДАІ, колькасць п’яных за рулём і аварый з іх удзелам калі не змяншаецца імгненна, але і не расце. Так, у 2011 годзе былі затрыманыя 35 тысяч п’яных кіроўцаў, з іх да крымінальнай адказнасці за паўторнае парушэнне было прыцягнута звыш 3800 чалавек. Па віне выпівох адбылося больш за 600 дарожна-транспартных здарэнняў. Да прыкладу, за 7 месяцаў гэтага года было затрымана 28 тысяч нецвярозых гоншчыкаў. Па іх віне было 330 аварый, у якіх загінулі 85 і былі параненыя 374 чалавекі.
Супрацоўнік аднаго з рэгіянальных падраздзяленняў ДАІ ўпэўнены: канфіскацыя аўтамабіля пазбавіць нецвярозых кіроўцаў жадання сядаць за руль. Мера гэтая вымушаная, але — неабходная.
Супрацоўнік ДАІ: “Трэба прымаць пэўныя меры, каб змяніць нейкім чынам менталітэт нашых грамадзян, каб яны зразумелі, што п’яны за рулём — гэта забойца. Людзі, якія гэта не да канца разумеюць, — адпаведна, жорсткія павінны быць да іх адносіны”.
Ці зменіцца менталітэт людзей пад пагрозай канфіскацыі і ці перастануць яны сядаць за руль пасля чаркі? Былы інспектар ДАІ, выкладчык Акадэміі МУС Юры Красноў моцна ў гэтым сумняваецца.
Юры Красноў: “Узмацненне адказнасці не можа паўплываць на ўсіх людзей. Калі чалавек цвярозы чуе пра канфіскацыю, ён думае: “Я ніколі так рабіць не буду!” А потым ёй напіўся і думае: “Ай, падумаеш!” — сеў і паехаў. У нас людзі такое схільныя ўспрымаць як выпадковасць: у жыцці не пашэнціла, здарылася непрыемнасць — у мяне канфіскавалі машыну. Ён сябе ўвогуле не ўспрымае як прычыну гэтага здарэння! І лічыць, што гэта не ён вінаваты ў тым, што машыну ў яго забралі, а абставіны такім чынам склаліся”.
А ў якасці доказу прыгадвае нядаўняе ўзмацненне пакарання для нецвярозых кіроўцаў.
Юры Красноў: “Эфект усё адно нейкі будзе, але ён будзе не такі, як яго чакаюць. А ў выніку што атрымаецца? “А давайце мы яшчэ будзем і дамы канфіскоўваць!” І кватэры канфіскоўваць. А потым скажуць: “А давайце мы будзем расстрэльваць! Бо мы не ведаем, што больш рабіць”. Вось, крымінальную адказнасць увялі ў сакавіку 2006 года. На пачатку сакавіка колькасць кіроўцаў, якія сядалі нецвярозымі за руль, рэзка скарацілася. А праз некалькі дзён усё выраўнялася, і паводле статыстыкі сталі затрымліваць столькі ж нецвярозых кіроўцаў”.
І прапаноўвае... лепш вучыць кіраваць аўтамабілем. Каб нават нецвярозы кіроўца не трапляў у ДТЗ.
З тым, што да ўзмацнення пакарання трэба падыходзіць асцярожна, згодная і супрацоўніца ДАІ Гомельскай вобласці. І справа тут нават не ў тым, што колькасць аварый з удзелам нецвярозых кіроўцаў нібыта змяншаецца: на Гомельшчыне сёлета іх было 101, а летась за такі ж перыяд — 126.
ДАІ Магілёва: “Тут шмат нюансаў: ён з’яўляецца ўладальнікам аўтамабіля ці не? Аўтамабіль можа быць закладзены, можа ён сястры ці брата? А, можа, ён яго набыў па даверанасці і выкарыстоўвае яго па генеральнай даверанасці з правам продажу? Навошта ж канфіскоўваць аўтамабіль, які парушальніку не належыць?”
Нагадаем, канфіскоўваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў на карысць дзяржавы прапаноўваў яшчэ летась віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Прычым незалежна ад таго, каму ён належыць. Як у выніку будзе сфармуляваны законапраект па ўзмацненні пакарання п’яных кіроўцаў, пакуль адказу няма. Але ўсе суразмоўцы Еўрарадыё пагаджаюцца: калі вырашаць канфіскоўваць, то звяртаць увагу на колькасць праміле ў крыві не варта. Калі выпіў і сеў за руль — развітайся з машынай.
Фота: http://inetauto.ru/