Замест электронных падручнікаў вучням прапаноўваюць два камплекты кніг

121031_martynovi4_padru4niki.mp3

“Магчымасць карыстацца электроннымі падручнікамі ёсць. Можна звярнуцца ў Інстытут адукацыі, дзе пракансультуюць па гэтым пытанні”, — абяцае падчас анлайн-канферэнцыі ў жніўні міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Праз два месяцы правяраем, ці запампавалі электронныя падручнікі хоць камусьці… У Інстытуце адукацыі Еўрарадыё адказваюць, што падручнікі на рыдарах ужо ёсць у двух вучняў!

“Пасля прамой лініі да нас афіцыйна звярнуліся два чалавекі. Потым яшчэ двое тэлефанавалі і адзін па электроннай пошце звяртаўся. Але да гэтага сёння ніхто не гатовы, бо тут парушаюцца аўтарскія правы. Але калі гэта мае падставы, мы даем гэтыя электронныя версіі, і абгаворваючы гэта з аўтарам, папярэджваем яго, што гэта не для тыражавання”, — тлумачаць у Інстытуце адукацыі.

Каб атрымаць такі электронны падручнік, патрэбны дакумент ад лекараў, што школьніку нельга насіць цяжкасці. І нават даведкі аб скаліёзе першай ступені… можа не хапіць.

“Адзін даслаў даведку аб скаліёзе першай ступені. А медыкі кажуць, што такіх захворванняў у школьнікаў 80%. І сур’ёзных абмежаванняў па фізічнай нагрузцы тут няма”, — расказваюць у Інстытуце адукацыі. І дадаюць, што масава да іх не звяртаюцца.

А замест рыдара прапануюць два камплекты падручнікаў: адзін для школы, другі — для дома.

Электронныя падручнікі на рыдары ўжо мае дзевяцікласніца са сталічнай школы Уладзіслава. Падручнікі ёй запампавалі па даведцы, бо ў дзяўчыны была траўма пазваночніка.

“З рыдарам зручней, бо не трэба падымаць цяжкасці. Я прынесла ў Інстытут адукацыі даведку, аддала флэшку і напісала заяву, што прашу выдаць па стане здароўя. Настаўнікі ў школе былі не супраць, нават увагу на гэта не звяртаюць”, — кажа Людміла, маці Уладзіславы.

Пра электронную версію падручнікаў яна даведалася з… папярэдняга рэпартажу Еўрарадыё. Праўда, на рыдар ёй пакуль запампавалі толькі шэсць падручнікаў з 20. Хутка абяцаюць заліць яшчэ тры.

Святлана звярталася ў Міністэрства адукацыі, каб яе дачцэ-пяцікласніцы Алісе таксама запампавалі электронныя падручнікі. У выніку... давялося іх проста адсканіраваць.

“Хацела паклапаціцца пра дачку, бо памятаю, як сама цягала падручнікі. Там цэлы дзень у школе, шмат падручнікаў, форма. Мне прыслалі адпіску, што ідзе працэс, мы прапрацоўваем, але калі хочаце, можаце звярнуцца. Вырашыла, прасцей адсканіраваць папяровыя падручнікі”, — даводзіць Святлана.

Цяпер у Алісы на рыдары ёсць некалькі самых тлустых кніжак. Настаўнікі не супраць. Набор падручнікаў цяпер каштуе ад ад 14 да 52 тысяч рублёў за год. Электронную версію па медыцынскай даведцы пакуль выдаюць так, бясплатна.

Фота: iphone-mods.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі