Заробкі прэзідэнтаў Літвы, Латвіі і Ўкраіны зменшыліся, а ў Лукашэнкі…

Заробак прэзідэнта Літвы, як і раней, складаецца з 12 сярэднестатыстычных зарплат. Аднак цяперашні літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ зарабляе менш за свайго папярэдніка Валдаса Адамкуса  прыкладна на 12%, то бок яна атрымлівае каля 7 тысяч 200 еўра ў месяц, паведаміла Еўрарадыё загадчыца Аддзела фінансаў і ўліку Адміністрацыі прэзідэнта Літвы Рыта Хапянэне. 
Рыта Хапянэне:24 тысячы 750 літаў, гэта калі не адлічваць падаткі”.
А вось “чыстымі” заробак  Далі Грыбаўскаўтэ складае 18 тысяч 810 літаў, то бок каля 5,5 тысяч еўра. Зменшыўся ў сувязі з крызісам і заробак прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса. Паводле дадзеных Інтэрфакса, летась ён таксама зарабіў на 12% менш, чым у 2008 годзе, агулам за 12 месяцаў — 38 тысяч латаў. То бок у сярэднім 4,5 тысячы еўра штомесяц. 
А вось заробак польскага прэзідэнта Леха Качыньскага істотна не змяніўся, паведамілі нам у яго канцылярыі. Праверыць гэта можа кожны ахвотны — дастаткова толькі наведаць прэзідэнцкі сайт. 
Супрацоўніца канцылярыі Леха Качыньскага:На старонцы www.prezydent.pl ёсць такая закладка: “Пытанні і адказы”. І там ёсць такое пытанне: “Колькі зарабляе прэзідэнт?”. І там усё напісана, колькі агулам ён атрымлівае і з чаго складаецца ягоны заробак”.
Штомесяц Леху Качыньскаму плацяць 20 тысяч 137 злотых разам з падаткамі. Гэта прыкладна 5 тысяч 240 еўра. 
Дбае пра празрыстасць сваіх даходаў і расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Даведацца, колькі ён зарабляе, якую мае маёмасць, а таксама колькі грошай трымае ў банках, можа кожны інтэрнэт-карыстальнік, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.
Супрацоўніца прэс-службы Дзмітрыя Мядзведзева:Уся інфармацыя пра даходы прэзідэнта, яго жонкі і блізкіх ёсць на сайце. Там усё адкрыта і афіцыйна”.
За  2008 год Дзмітрый Мядзведзеў зарабіў  больш за 4 мільёны 140 тысяч расійскіх рублёў — то бок больш як 140 тысяч долараў. Аднак ці паўплываў на ягоныя прыбыткі крызіс, Еўрарадыё так і не даведалася, таму што дадзеныя за 2009 год Дзмітрый Мядзведзеў яшчэ не прадставіў. 
Што ж тычыцца зарплаты новага кіраўніка Ўкраіны, то высветліць яе дакладны памер не так проста. У Фінансавым упраўленні Адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта Еўрарадыё пацвердзілі толькі тое, што прэзідэнцкі заробак сапраўды скараціўся ўдвая, як і абяцаў перад выбарамі Віктар Януковіч. 
Супрацоўніца Фінансавага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Ўкраіны: “Наш прэзідэнт атрымлівае зарплату напалову менш, чым яго папярэднік. Пра гэта ўсе СМІ пісалі”.
У 2008 годзе Віктар Юшчанка зарабіў каля 46 тысяч еўра. То бок прыкладна 3,8 тысячы еўра ў месяц. Значыць, заробак цяперашняга ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча павінен складаць менш за 2 тысячы еўра. 
А вось колькі зарабляе беларускі кіраўнік, не ведаюць нават у яго прэс-службе. Няма даведкі пра даходы і на прэзідэнцкім сайце. Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі, гэтая інфармацыя не вельмі цікавіць СМІ і народ.

Павел Лёгкі: “Я ж не ведаю, ці людзей будзе цікавіць гэтая інфармацыя. Шчыра кажучы, ніколі не задумваўся. Наконт прэзідэнта мне асабіста, напрыклад, не вельмі цікава ведаць. А вось колькі зарабляе журналіст "Еўрапейскага радыё для Беларусі", вельмі цікава. Не будзеце ў сябе вывешваць на сайце, колькі зарабляеце?
Нагадаем, што апошняя адкрытая інфармацыя пра даходы Аляксандра Лукашэнкі паходзіць з 2005 года з перадвыбарнай дэкларацыі аб прыбытках. Тады беларускі прэзідэнт зарабіў крыху больш за 59 мільёнаў рублёў за 12 месяцаў — гэта каля 20 тысячаў еўра.
Фота: liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі