Затрыманых шведскіх журналістаў адпусцілі з міліцыі (аўдыa)
У іх відэаматэрыялах міліцыянты Маскоўскага РУУС нічога "крымінальнага" не знайшлі, таму ўсё вярнулі.
Нагадаем, што трох шведскіх журналістаў з тэлеканала SVT затрымалі, калі яны бралі інтэрв'ю ў маладафронтаўца Рамана Пратасевіча, удзельніка "маўклівых акцыяў". Разам з імі затрымалі журналіста радыёстанцыі "Русская Служба Новостей" Уладзіміра Чудзянцова і сябра БАЖ Іллю Кузняцова.
Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё Уладзімір Чудзянцоў, міліцыянты праверылі ў журналістаў дакументы і акрэдытацыю. Яна, дарэчы, была ва ўсіх. Наступныя тры гадзіны міліцыянты глядзелі відэа, знятае шведскімі журналістамі ў Мінску. У знятых сюжэтах яны не знайшлі нічога крымінальнага, таму відэа аддалі. Аднак журналістам параілі не здымаць нічога на цэнтральных вуліцах Мінску без адпаведнага дазволу. У каго можна атрымаць такі дазвол, міліцыянты не паведамілі.
Між іншага, інтэрв'ю ў Пратасевіча шведы ўсё ж узялі — пасля таго, як іх выпусцілі з пастарунку. Сюжэт яны здымалі непасрэдна каля Маскоўскага РУУС.