Зборшчык подпісаў: “Мілінкевіча памятае кожны трэці”

Рэпартаж Еўрарадыё пра тое, як насамрэч складана знайсці перадвыбарны пікет у Мінску, выклікаў вялікі розгалас у палітычных колах. Нас пачалі настойліва запрашаць на свае пікеты самыя розныя партыі і аб’яднанні. Першым наведваю пікет Аляксандра Мілінкевіча ва Уруччы. Актывіст пажылога веку, які збірае подпісы ў вольны час, кажа, што сустракае самых розных людзей.

“Ёсць такія людзі, якія проста не хочуць за Мілінкевіча, не тлумачачы. Ёсць лукашысты, якія ўвогуле супраць апазіцыі. Ёсць людзі, якія выступаюць за байкот. І дастаткова шмат такіх людзей, якія нават не пытаюць, хто такі Мілінкевіч і толькі пытаюцца, патрэбны пашпарт, альбо не”.

Зборшчык подпісаў расказвае, што улады ніякіх перашкодаў пікетам не чыняць — працуй — не хачу. Адно што прадстаўнікі выбарчых камісій за правільнасцю запаўнення дакументаў і бланкаў сочаць.

“Увогуле, я б не казаў, што перашкаджаюць. Двойчы толькі да нашых актывістаў прыходзіў старшыня выбарчай камісіі і правяраў, ці былі нейкія парушэнні”.

Пікету Мілінкевіча, што размясціўся ля гандлёвага цэнтра ва Уруччы, насамрэч ніхто не перашкаджае. Нягледзячы на тое, што ён часам ператвараецца ў невялікі мітынг. То сталы мужчына пачне гучна раскайвацца ў тым, што раней заўсёды галасаваў за Лукашэнку, то пенсіянеркі, перабіваючы адна адну, пра Зянона Пазняка расказваюць. Праз гадзіну пасля выстаўлення пікета з’яўляецца і сам лідар руху “За Свабоду”. Кампанію Мілінкевічу складаюць сябры ініцыятыўнай групы – эканаміст Чалы і яе кіраўнік Меляшкевіч. Пасля гэтага пікет становіцца падобным на невялічкае свята – некаторыя выбарцы нават на шыю Мілінкевічу кідаюцца.

Але падпісваюцца за Мілінкевіча не вельмі ахвотна. Прыкладна кожны дзясяты жыхар Уручча, спынены пікетоўшчыкамі, пагаджаецца падтрымаць апазіцыянера. За дзве гадзіны пікетоўшчыкі назбіралі каля 15 подпісаў. У тых, хто падпісацца адмаўляецца – матывы розныя. Збольшага кажуць, што іх гэта проста не цікавіць. Але трапляюцца і прыхільнікі дзейнага кіраўніка краіны, якія, пачуўшы прозвішча Мілінкевіча, робяць вялікія вочы і пачынаюць расказваць пра стабільнасць і асноўную лінію.

“Мілінкевіч, гэта каторы з апазіцыі, ці што? О, не! Я за Лукашэнку. Таму вы мяне прабачце, я не буду пра яго гаварыць. Я цалкам падтрымліваю Лукашэнку. Усе памыляюцца, вядома. Але ў асноўнай лініі я бачу толькі добрае”.

Неабходную для вылучэння кандыдатам у дэпутаты тысячу подпісаў Мілінкевіч даўно набраў. Кажа, што цяпер пікеты выкарыстоўвае збольшага каб з людзьмі пагаварыць. А калі раптам трапіць у парламент, то плануе стаць першым беларускім амбудсмэнам, хай сабе і неафіцыйным.

“Калі б такі цуд здарыўся, што я траплю ў парламент, я б не баяўся, што будзе шмат бруду. Што я з нейкай фракцыі кадэбісцкай. Ведаю, што пройдзе кароткі час і ўсе зразумеюць, што чалавек не змяніўся, а застаўся тым самым. Я б сабраў праваабаронцаў і прапанаваў бы стаць іх амбудсмэнам у парламенце”.

З пікета сыходжу абрадаваны – яны ў Мінску ўсё ж ёсць. Наступны раз збіраюся наведаць пікет ідэалагічных праціўнікаў Мілінкевіча – сяброў “Белай Русі”.

Ці працягне лідар руху “За Свабоду” хадзіць на пікеты – убачым ужо на наступным тыдні. 13 жніўня завяршаецца тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Выбарчыя камісіі вырашаць, хто насамрэч варты змагання за дэпутацкія крэслы.

“Ёсць такія людзі, якія проста не хочуць за Мілінкевіча, не тлумачачы. Ёсць лукашысты, якія ўвогуле супраць апазіцыі. Ёсць людзі, якія выступаюць за байкот. І дастаткова шмат такіх людзей, якія нават не пытаюць, хто такі Мілінкевіч і толькі пытаюцца, патрэбны пашпарт, альбо не”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі