ЖЭС № 15 "па памылцы" адключыў святло ў больш чым 80 кватэрах
У ЖЭСе кажуць, што кіраваліся загадам "зверху".
Жыхарам дома па вуліцы Караля без папярэджвання адключылі святло а пятай вечару.
Здзіўленыя жыхары спачатку падумалі, што здарылася аварыя. Пасля тэлефанавання ў родны ЖЭС № 15 высветлілася, што святло адключылі за няплату. У чорны спіс патрапілі тыя, хто пратэрмінаваў… дзень-два аплаты.
“Учора тэлефануе жонка і кажа, што нам дома адключылі святло. Як усе нармальныя людзі, мы падумалі, што гэта аварыя. Але потым жонка знайшла каля кватэры цыдулку ад ЖЭСу, маўляў, мы вас адключылі за няплату. Але мы не аплацілі толькі два дні! Не месяцы!” — расказвае жыхар дома Аляксандр.
Больш абурае, што ніякага папярэджання небаракі не атрымалі — ні пісьмова, ні нават вусна.
У ЖЭСе № 15 пацвярджаюць, што сітуацыя і сапраўды мела месца:
“Вы наконт адключэння святла? Адключаюць і месячнікі, і двухмесячнікі. Такое распараджэнне с разлікова-даведкавага цэнтра. Яны прысылаюць спісы для адключэння. І папярэджваць пра адключэнне павінны яны”.
У разлікова-даведкавым цэнтры ЖЭСу № 15 сітуацыі здзіўляюцца і называюць гэта не інакш як самадзейнасцю ЖЭСу.
“Павінна прайсці не менш за два перыяды няплаты. Калі праходзіць месяц, мы адпраўляем заказны ліст на адрас неплацельшчыка ў рукі, папярэджваем па тэлефоне”.
Нават прыводзяць лічбы, што адключаць святло павінны былі толькі ў некалькіх кватэрах. Кажуць, што, магчыма, гэта была памылка.
“На адключэнне мы падалі толькі шэсць адрасоў. Дырэктар ЖЭУ папрасіў спісы тых, хто не аплаціў па месяцы. Было 85 кватэр на папярэджанне, але не на адключэнне ж. Бязглуздзіца!”
У ЖЭСе № 15 пераводзяць стрэлкі на начальства зверху — “быў такі загад”.
Але і зверху — у ЖЭУ-6, да якога адносіцца ЖЭС № 15, — знайсці “самадзейшчыкаў” не так і проста. Начальніка Леаніда Шкурко няма на месцы зранку і па тэлефоне ён проста недасяжны. А яго падначаленыя скардзяцца на планы:
“Двухмесячнікаў мы ўжо паадключалі. Гэта не дырэктара самадзейнасць. Нас душаць за тое, што людзі не плацяць. Горад той жа душыць”.
У адміністрацыі Маскоўскага раёна, адкуль быццам бы прыйшоў загад на адключэнне, сітуацыі мала сказаць, што здзіўляюцца. Спасылаюцца на ўказ прэзідэнта аб двухмесячнай адтэрміноўцы і абяцаюць разабрацца:
“Гэтага не можа быць. Адключаюць толькі пасля двух месяцаў нявыплат. Але і людзі ў нас некультурныя, не плацяць у час. Будзем разбірацца і пакараем вінаватых”.
Еўрарадыё лічыць, што ва ўсім вінаваты электрык.