Жонцы Алеся Бяляцкага адмовілі ў спатканні з мужам
Гэта ўжо чарговая адмова сваякам праваабаронцы ў сустрэчы з ім. Бяляцкі не бачыўся са сваімі роднымі і блізкімі з 4 жніўня, з моманту затрымання.
Як адзначае калега праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, у Беларусі надзвычай рэдкія выпадкі спатканняў на этапе следства ці перад пачаткам працэсу. Дазвол на сустрэчу больш рэальна атрымаць пасля вынясення прыгавору судом першай інстанцыі: паміж прысудам і касацыйнай скаргай, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, што кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачанні ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Суд над ім пачнецца 2 лістапада, а сам працэс будзе праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы.