Жыхары дома на Пляханава: Баімся марадзёрства
Карыстаючыся магчымасцю, людзі выносяць з кватэр усё, што можна, — хто залатыя ўпрыгожванні, а хто нават і слоікі з агуркамі.
“Мы з 320-й кватэры. Бабуля ў нас інвалід, маці мужа. Дык нам далі добрыя ўмовы. Мы жывем у Доме інвалідаў на Ракасоўскага, 50. Вы ведаеце, нармальна ўсё. Пытаюцца, чым дапамагчы. Учора "Чырвоны крыж" быў, сацработнікі тэлефануюць. Усё добра ў нас”, — расказвае Іна, якая чакае сваёй чаргі ля пад’езда з узарванай кватэрай.
Людзей прапускае салідная жанчына з высокай прычоскай. У руках — спіс жыхароў. Прайсці можна толькі па пашпарце. За парадкам сочаць міліцыянеры. Калі гаспадар адной з кватэр спрабуе правесці мяне з сабой, праваахоўнік гаворыць пра забарону наведвання дома чужынцамі.
А шкада. Алег, так завуць майго гасціннага гаспадара, трапіў у больш нязручную сітуацыю, чым Іна з 320-й кватэры. Яго з сям’ёй пасялілі не ў Дом інвалідаў на Ракасоўскага (што зусім побач), а ў гатэль на вуліцы Якубоўскага. Вадзіць дзіця ў садок нязручна. Ды і як там жыць — адзін маленькі пакойчык, два ложкі і тэлевізар. Зараз мужчына чакае дапамогі ад Мінгарвыканкама. Нейкі чыноўнік ужо паабяцаў заняцца праблемай Алега. Аднак яшчэ не ператэлефанаваў.
Пакуль стаю ля чаргі з жыхароў пад’езда, чую пра розныя версіі выбуху. У самагонаварэнне і няспраўны газавы балон ніхто не верыць. Загінулая сям’я была вельмі прыемнай, непраблемнай. А рэштак балона ў кватэры папросту не знайшлі. Паўафіцыйная версія пра выбух газу таксама выклікае ў жыхароў пад’езда пытанні. Расказваюць, што на кухні кватэры, што выбухнула, пашкоджанняў мала — лядоўня нават не абгарэла, яе можа пабачыць праз разбітае акно.
Аднак галоўная тэма размоваў ля пад’езда — зусім не выбух. Людзей куды больш хвалюе лёс іх кватэр і пакінутай там маёмасці. Па чарзе ідуць чуткі, што не сёння, дык заўтра выносіць рэчы забароняць, а міліцэйскую ахову здымуць. Што будзе тады з пакінутымі кватэрамі — аднаму Богу вядома. Пакуль жа людзі спадзяюцца на дапамогу ўладаў.
“Нам хацелася б вярнуцца дадому. У добры наш адрамантаваны пад’езд. А калі не атрымаецца, магчыма нам дадуць нешта іншае. Будзем спадзявацца. Я думаю, гарадскія ўлады зробяць для гэтага ўсё магчымае”, — расказвае мне Іна.
Людзі маюць яшчэ адну праблему — грошы. Пра памер кампенсацый ім пакуль ніхто не сказаў ні слова. У дадатак мала якія кватэры былі застрахаваныя. А калі і былі, то выплаты адносна невялікія. Адзін з жыхароў налічыў толькі 15 мільёнаў. Няшмат для кватэры, у якой увечары 23 лютага ўзровень вады даходзіў да калена. І нават гэтыя грошы атрымаць можна будзе няхутка — пасля складання ўсіх неабходных актаў.
Пакуль жа пацярпелыя ад выбуху больш расказваюць пра дапамогу “Чырвонага крыжа”. Ён дапамагае ежай, вопраткай, усім неабходным. А ў аднаго з жыхароў валанцёры нават узялі на ператрымку вялізны акварыум з рыбкамі.
Балкон, разбіты выбуховай хваляй.
З кватэр людзі ратуюць нават вазоны.
Сляды выбуха заўважныя і з боку вуліцы Пляханава.
“Нам хацелася б вярнуцца дадому. У добры наш адрамантаваны пад’езд. А калі не атрымаецца, магчыма нам дадуць нешта іншае. Будзем спадзявацца. Я думаю, гарадскія ўлады зробяць для гэтага ўсё магчымае”.