Жыхары вёскі Бякі: тры ўкраінкі сапраўды прыйшлі да нас
У вёсцы Бякі, што ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці, кажуць, што тры ўкраінскія жанчыны сапраўды прыйшлі да іх 20 снежня пад вечар.
Гэта былі ўдзельніцы эпатажнай акцыі FEMEN у Мінску. Дзяўчаты былі знямоглымі. Мясцовы жыхар Юрый даў ім свой тэлефон, каб яны змаглі пазваніць знаёмым і паведаміць пра сваё месцазнаходжанне.
Пасля гэтага мясцовы жыхар Аляксандр Шэры прапанаваў ім зайсці ў сваю хату, каб напаіць гарбатай. Жанчыны пагадзіліся.
У Ельскім райаддзеле міліцыі а 16:45 нічога не ведалі пра ўкраінак. Аднак прыкладна праз гадзіну прадстаўнік Скараднянскага сельсавету паведаміў, што ў Бякі выехала аператыўная міліцэйская група з Ельску, каб на месцы высветліць, што здарылася з украінскімі грамадзянкамі, інфармуе Радыё Свабода.