Жыхары Віцебска праз суд прымусілі камунальнікаў навесці парадак у двары
Жыхары аднаго з дамоў па Маскоўскім праспекце ў Віцебску праз суд дамагліся, каб камунальнікі зрабілі рамонт і добраўпарадкавалі дваравую тэрыторыю.
Дом быў пабудаваны 20 гадоў таму, і калі жыхары засяляліся, двор, як яны кажуць, “блішчэў і ззяў”. Але праз колькі год драўляныя вырабы пагнілі, металічныя паела іржа, прыйшлі ў нягоднасць асфальтавыя дарожкі. Прыклалі сваю руку і вандалы.
Як распавёў праваабаронца Павел Левінаў, які займаўся гэтай справай, жыхары дома шмат разоў звярталіся да камунальных службаў з патрабаваннем давесці да ладу дваравую тэрыторыю, але тыя адказвалі адпіскамі ці спасылаліся на адсутнасць грошай.
Левінаў: “Цярпенне лопнула, і мы звярнуліся ў суд яшчэ ў 2009 годзе. Суд задаволіў нашу скаргу і абавязаў Першамайскі жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйны трэст усё прывесці ў першапачатковы выгляд, пафарбаваць і гэтак далей. Але рашэнне суда не было выканана. Мы чарговую заяву падалі, суд ізноў разгледзеў, устанавіў новую дату, але і да новай даты яны не выканалі. Тады мы падалі заяву аб адміністрацыйным правапарушэнні, бо невыкананне судовага рашэння — гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”.
Калі ЖРЭТ Першамайскага раёна быў аштрафаваны на 350 тысяч рублёў за невыкананне рашэння суда, гэта падштурхнула камунальнікаў, нарэшце, прывесці двор у парадак. Цяпер там пакладзены асфальт, дарожкі для пешаходаў выкладзеныя тратуарнай пліткай, абсталяваная дзіцячая пляцоўка і прыстасаванні для гаспадарчых патрэбаў. На думку спадара Левінава, дамагчыся, каб службы выконвалі свае абавязкі, мае магчымасць кожны грамадзянін, але падобныя выпадкі застаюцца унікальнымі з-за прававой неадукаванасці насельніцтва.
Левінаў: “Такія выпадкі унікальныя чаму? Многія не ведаюць сваіх правоў, а калі ведаюць, то не ведаюць метадаў па іх абароне. І другое, жыхары дома, якіх выклікалі ў суд як сведак, трэсліся, баяліся сказаць праўду, баяліся, што іх выганяць з працы. Хаця тут няма палітыкі, у нас жа сацыяльна арыентаваная дзяржава, але ў людзей быў шок”.