Жыць ва Украіне падчас Еўра-2012 дорага нават футбалістам
Але на “польскія” матчы складаней набыць квіток і патрэбна віза. Еўрарадыё высвятляла, колькі будзе каштаваць для беларусаў чэмпіянат Еўропы па футболе
УЕФА запусціла платформу па перадпродажы квіткоў на Еўра-2012, дзе іх можна набыць да 1 сакавіка па кошце намінала (не ўлічваючы 10-працэнтны збор УЕФА).
Праўда, за апошнія дні прапановы сайта чамусьці тычыліся толькі “украінскіх” матчаў чэмпіянату. Так, зараз можна набыць квіток на гульню Швецыя-Францыя за 70 еўра ці на чвэрцьфінал за 150 еўра, якія адбудуцца ў Кіеве.
Можна меркаваць, што большасць беларускіх заўзятараў абярэ Украіну, куды ў адрозненні ад Польшчы, не патрэбныя візы. Адзіная праблема – зняць кватэру ў Кіеве ці Данецку падчас чэмпіянату будзе не так танна.
“Натуральна, што чакаецца вялікі наплыў балельшчыкаў і ўдзельнікаў. Мяркуецца, што арэндныя стаўкі могуць вырасці ў разы – у два ці тры. У Кіеве ёсць праблема менавіта з недарагім жыллём, для дарагога – праблем няма. Аб’ектыўна, магчыма, што будуць здымаць аднапакаёвую кватэру за 100 долараў у суткі ці за 100 еўра”, - распавядаюць Еўрарадыё ў кіеўскім агенцтве нерухомасці „Real Druzi”.
Па словах супрацоўніка агенцтва, з-за высокіх коштаў нават афіцыйныя дэлегацыі і зборныя жадаюць жыць у іншых краінах, а Украіну наведваць толькі падчас матчаў.
Фанат БАТЭ Зміцер наведваў выязныя матчы сваёй каманды ў Лізе чэмпіёнаў. Ці паедзе на чэмпіянат Еўропы, пакуль не ведае – вагаецца паміж Еўра-2012 і Алімпіядай. Але лічыць, што з эканамічнага пункту гледжання, прасцей паехаць ва Украіну.
Зміцер: “Паўсюль можна зняць кватэру ці гасцініцу. Не думаю, што будуць ужо падымаць у 3 разы, ну падымуць у 1,5 разы – перажывем. З эканамічнага погляду, выгадней Украіна”.
Паводле газеты “Metro”, жыллё ў Польшчы падчас Еўра-2012 будзе каштаваць 70-200 злотых з асобы. Ці 17-50 еўра.
Што тычыцца коштаў на цягнікі, то плацкарт з Мінска да таго ж Кіева каштуе каля 30 еўра, а купэйны квіток да Варшавы – 50 еўра.
Кіраўнік спартовага інтэрнэт-праекта match.by Багдан Арлоў паездзіў па розных еўрапейскіх стадыёнах. Ён раіць не карыстацца паслугамі турфірм падчас планавання паездкі. Тым больш, што да Польшчы ці Украіны можна даехаць ледзь не на ровары.
Багдан Арлоў: “Эканомія – справа індывідуальная. Хтосьці больш цэніць камфорт, і камусьці прыемней патраціць крыху больш грошай і атрымаць за гэта больш камфорту. Трэба быць проста больш адкрытымі з людзьмі, не ведаю, не замарочвацца на гэты конт. Нешта недзе зэканоміш, а недзе патраціш”.
Сам Багдан ні пра які канкрэтны матч пакуль не задумваўся. Калі б не “падвяла” беларуская зборная, дакладна б паехаў.
Нагадаем, чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе з 8-га чэрвеня па 1 ліпеня ва Украіне і Польшчы. Фінал першынства адбудзецца 1-га ліпеня на стадыёне Нацыянальнага спартовага комплексу “Алімпійскі” у Кіеве.
Фота: skyscrapercity.com