Літоўскі сенатар — пра размарозку рахункаў Пефціева і прызначэнне Макея

zingeris2.mp3

Еўрарадыё: Як вы ўспрынялі навіну пра тое, што Віленскі акруговы суд задаволіў скаргу ўнесенага ў “чорны спіс” беларускага бізнесмена Пефціева і прыняў рашэнне размарозіць яго рахункі ў Літве?


Эмануэліс Зінгерыс: Мы — дэмакратычная краіна, і любы запыт нашага Міністэрства замежных спраў можа апелявацца ў судзе. Але, наколькі я ведаю, МЗС будзе далей падаваць апеляцыю ў іншыя вышэйшыя інстанцыі. Таму, на гэтым гісторыя не завяршылася. Безумоўна, як законапаслухмяны грамадзянін я пагаджуся з любым рашэннем суда. Але я ведаю, што гэта рашэнне толькі аднаго з судоў. Іншыя інстанцыі будуць разглядаць гэта пытанне праз некалькі тыдняў. Да гэтага часу рахункі гэтага спадара застаюцца замарожанымі.


Еўрарадыё: Як вядома, Пефціеў падаў чатыры пазовы супраць Савета ЕС, дабіваючыся, каб яго выкраслілі з “чорнага спісу”. Гэта сітуацыя з віленскім судом не можа, на вашу думку, стаць пачаткам шляху да здзяйснення гэтай мэты?


Эмануэліс Зінгерыс: Усе мы ў Еўрапейскім саюзе пагодзімся з канчатковым рашэннем наконт любога грамадзяніна, бо любое судовае рашэнне з’яўляецца для нас канчатковым. Таму што судовыя ўлады з’яўляюцца незалежнымі ўладамі. Разам з тым, не магу не адзначыць, што гэта даволі цікавы эксперымент, калі грамадзяне з недэмакратычных краін, якія абслугоўваюць рэжым, карыстаюцца адкрытасцю нашай судовай сістэмы. У Еўрасаюзе мы павінны знайсці палітычнае рашэнне пытання, як нам дзейнічаць, калі дэмакратычныя магчымасці і адкрытасць Еўрапейскага саюза выкарыстоўваюцца ў добра прадуманых схемах рэжымамі, варожымі і сваёй ідэалогіяй, і сваімі дзеяннямі як у дачыненні да правоў чалавека, так і да самой існасці Еўрасаюза.


Памятны выпадак з Бяляцкім год таму — тады дамовы з Польшчай і Літвой былі скарыстаныя беларускім рэжымам для атрымання інфармацыі пра спадара Бяляцкага і выкарыстання яе ў палітычных мэтах. А гэта былі дамовы, якія прадугледжваюць абмен інфармацыяй пра крымінальныя злачынствы. Мы павінны разгледзіць гэтае палітычнае пытанне: аб выкарыстанні нашай адкрытай юрыдычнай сістэмы недэмакратычнымі рэжымамі для дасягнення імі сваіх мэтаў.


У нас узнікае феномен, калі нашай адкрытай юрыдычнай сістэмай карыстаюцца добра падрыхтаваныя юрысты знешніх рэжымаў. Яны бяруць “на мушку” нашых юрыстаў і прапануюць ім дамовы — каб яны працавалі на рэжым у еўрапейскіх краінах. Мы бачым усё гэта і разумеем гэтыя хітрыкі. І мы пакрысе разбярэмся з тым, як наша юрыдычная сістэма Еўрапейскага саюза павінна дзейнічаць пры сустрэчы з праявамі акцый, падрыхтаваных за межамі нашай сістэмы. Найперш, рэжымамі, якія базуюцца на манаполіі ўлады, на варожых адносінах да нас і правоў чалавека ў сваёй краіне.


Еўрарадыё: Неяк супалі па часе гэта рашэнне віленскага суда і прызначэнне міністрам замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Эксперты сцвярджаюць, што новаму міністру ўдасца наладзіць прыязныя стасункі, найперш, з Літвой. Вы бачыце сувязь паміж гэтымі дзвюма падзеямі ў Вільні і Мінску?


Эмануэліс Зінгерыс: Мы чакаем ясных і дакладных сігналаў з боку беларускага рэжыма, што ён робіць крокі па нармалізацыі сітуацыі з правамі чалавека — у вас жа да гэтага часу 14 палітвязняў за кратамі. Другое: у вас ляжыць дамова аб зоне палегчанага памежнага кантролю ў 50 кіламетраў, якую парламент Літвы перакінуў на стол вашым уладам амаль год таму. Наконт таго, што жыхары Гродна ды іншых памежных тэрыторый могуць наведваць без віз Літву. Ніякіх зрухаў у гэтым пытанні няма з боку ўладаў Беларусі.


Для нас не зразумела, як вашы выбаршчыкі будуць удзельнічаць у выбарах. Я прыгадваю папярэднія выбары і тое, што адбылося 19 снежня. Нам ужо надакучыла напярэдадні кожных выбараў слухаць адну і тую ж пласцінку: спачатку наконт магчымых дэмакратычных выбараў, а потым — пра жалезны кулак уладара. У нас кароткае жыццё, мы не жывём, як чарапахі, некалькі сотняў гадоў, а гэта пласцінка паўтараецца кожныя некалькі гадоў.


Было б добра, каб спадар Лукашэнка не думаў, што Еўрасаюз прадстаўляе сабой групу ідыётаў, якіх можна падманваць кожныя некалькі гадоў. Таму мы чакаем сігналаў. Але не ў стылі барока аб выбітных намерах, а канкрэтных дзеянняў па дарозе дэмакратызацыі Беларусі, да адкрытага грамадства, да скасавання смяротнага пакарання. Мы чакаем свабоды прэсы, свабоды слова ды іншых рэчаў.


Ёсць і яшчэ адна невялікая просьба. Не трэба больш цыркавых прадстаўленняў, якія ладзяць нам пасля кожнага пралёта любога невядомага аднаматорнага самалёта. Палічыце, якія памежныя магутнасці ўсталяваныя з боку Беларусі і якія — з боку Літвы. У нас увогуле адкрытая мяжа! Армія ў 10 разоў меншая за беларускую. Уся гэтая “Берлінская сцяна” пабудаваная з вашага боку, а не з нашага. Так што давайце перастанем нас кожны другі дзень запалохваць рознымі байкотамі. Мы прапаноўваем спыніць імітаванне Савецкага саюза на нашых межах.

Пакажыце дзеянні па змене Беларусі да адкрытай краіны! Да зменаў з правамі чалавека. Калі зараз нехта думае, што змена міністра замежных спраў — гэта прыкмета лібералізацыі, то няхай ваша краіна гэта пакажа дзеяннямі, а не заявамі аб намерах.

Фота: http://www.lrytas.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі