Зорка “Соседнего мира” гурт Step Hall выпускае лайв-альбом

Прабел у шчыльным канцэртным графіку мінскі гурт Step Hall вырашыў запоўніць запісам дэбютнага альбома. У пласцінку ўвойдуць 10 песень, 9 з якіх — на англійскай мове і яшчэ адна рускамоўная кампазіцыя на верш Аляксандра Блока. Менавіта гэтую кампазіцыю ўпадабалі прыхільнікі творчасці гурта — таму музыкі вырашылі таксама ўключыць яе ў дэбютнік. Альбом атрымае назву "The Show" — менавіта так называлася самая першая песня каманды, якая, аднак, не трапіла на альбом. Да таго ж магчыма, на пласцінцы будуць і бонус-трэкі ад сябра музыкаў — DJ Mikis — які ўзяўся рабіць танцавальныя версіі песень Step Hall.

Са словаў басіста каманды Ігара Латушкі, першы альбом атрымліваецца вельмі крутым:

"Для дэбютніка наша пласцінка атрымліваецца неверагодна крутой! Мы пачыналі з фанку, а атрымаўся фанк-рок, ці нават джаз-рок, хутчэй, напоўнены драйвам і энергіяй".

Паколькі гурт лічыць сябе канцэртным, а не студыйным, музыкі паспрабавалі ўнесці ў пласцінку шматлікія элементы імправізацыі. Таму "The Show" — гэта жывы выступ гурта Step Hall, запісаны ў фармаце альбома. Пласцінка ўжо цалкам гатовая. Цяпер музыкі займаюцца афармленнем вокладкі ды мантажом прома-відэа.

"Мы вядзем здымкі двух кліпаў. Адзін ужо зняты, хутчэй за ўсё, хутка з’явіцца і тызер другога. У ім пакажам, як мы працавалі ў студыі на працягу ўсяго года. Там будзе і інтэрв’ю з кожным удзельнікам гурта. А ўжо пасля выйдзе альбом".

Step Hall вядзе перамовы наконт выдання альбома з адным з беларускіх лэйблаў. Калі ўсё атрымаецца, кажуць музыкі, пасля афіцыйнага выхаду пласцінкі, альбом "The Show", магчыма, з’явіцца ў інтэрнэце. Прэзентацыя запланаваная на люты наступнага году — у Дзень усіх закаханых Step Hall адсвяткуе 2 гады. Частку новых песень і нават кампазіцыі для наступнага альбому можна паслухаць падчас "Jazz-серады ў Графіці" 7-га лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі