Зорку паралімпійскага спорту не пусцілі ў клуб з-за інваліднага вазка

Зорку паралімпійскага спорту Людмілу Ваўчок з-за інваліднага вазка не пусцілі ў начны клуб.

“У ноч на восьмага сакавіка прыехалі ўчатырох да клуба “Тытан”. Загадзя зарэзервавалі столік. Хацелі, як кажуць, замачыць маю бронзу чэмпіянату Еўропы (па лыжных гонках — Еўрарадыё), адзначыць Дзень народзінаў сяброўкі. Але ахова нас не прапусціла нават на ганак, ― абураецца Людміла Ваўчок. ― Сказалі: “У нас там другі паверх, для вас не прадугледжана, можа ўтварыцца аварыйная абстаноўка”, ― усміхаецца спартсменка. ― Спачатку сам ахоўнік мяне не пусціў, потым паклікаў свайго начальніка. І ― ад варот паварот, культурна адшылі. Мы проста развярнуліся і сышлі. Вечар быў сапсаваны. Таму пазаўчора літаральна паехала я ў “Тытан” і зрабіла запіс у кнізе скаргаў і прапановаў”.

Еўрарадыё: Ці бывала такое раней, каб вас не пускалі ў начны клуб?

Людміла Ваўчок: “Я хаджу па такіх месцах рэдка. І такога ніколі раней не было. У Лондане пасля п’едэсталу пайшлі на дыскатэку, і ўсё было цудоўна.  Там наадварот людзі з абмежаванымі магчымасцямі выходзяць у людзі, і не баяцца, і не саромеюцца, настрой свой добры паказваюць. А ў нас у гэтым плане праблемы глабальныя”.

Калі ў клуб не пусцілі вядомую лыжніцу і вяслярку Людмілу Ваўчок, двухразовую лаўрэатку прэміі “Трыумф героям спорту”, медыйную асобу, то што можна казаць пра іншых людзей, у якіх абмежаваныя магчымасці.

Аднак пасля выпадку са спартсменкай, відаць, ахова забаўляльнай установы зрабіла пэўныя высновы. Тэлефануем у “Тытан” і цікавімся, ці пусцяць да іх на вечарынку чалавека на вазку.

“Я пушчу вас у клуб, прыходзьце, ― уздыхае начальнік службы аховы. ― Толькі вазьміце кагосьці ў суправаджэнне. Але ж вы зразумейце, што ў нас клуб не прыстасаваны для інвалідаў-вазочнікаў, няма пандусаў. Але калі вы прыедзеце, я вас пушчу”.

Трэба сказаць, што і на вазках перамяшчаюцца розныя людзі. Тая ж Людміла Ваўчок не спыняецца перад бар’ерным асяродкам. І нават на трэці паверх у сваім пад’ездзе лёгка заскоквае і без ліфта. Што казаць пра бар’еры, калі за паўгода да Гульняў у Лондане Людміла нарадзіла дачку, і ўжо праз тры тыдні пасля гэтага выйшла трэніравацца на лыжню.

Але шмат дзе ў Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі застаюцца за бортам. І начныя клубы, як відаць, адно са звёнаў неталерантнага ланцужка.

“Ці пусціце на вечарыну чалавека, які перамяшчаецца ў вазку?” ― цікавімся ў адміністратара моднага сёння клуба Dozari.

Адміністратар з Dozari: Наўрад ці. Думаю, не. У нас строгі фэйс-кантроль, дрэс-код.

Еўрарадыё: Фэйс у яго нармальны, вопратка фірмовая. Толькі маецца інвалідны вазок. Не хацелася б прыехаць, і каб развярнулі на ўваходзе.

Адміністратар з Dozari: Я разумею, але гэта ўсё на яго (ахоўніка, ― Еўрарадыё ) меркаванне.

Еўрарадыё: А па якіх прынцыпах прапускаюць людзей?

Адміністратар з Dozari: Вопратка павінна быць неспартовая. Ахайны знешні выгляд. Еўрапейская знешнасць.

Еўрарадыё: То бок, калі інвалід апынецца кітайцам, то шанцаў зусім няма?

Адміністратар з Dozari: Хутчэй за ўсё, не пусцяць. Усё вырашае ахоўнік.

У клубе “Гудвін” чалавек на інвалідным вазку таксама не зможа адпачыць:  

“У нас тут прыступкі паўсюль. Наўрад ці прапусцім”.

“Вы ведаеце, у нас вельмі высокая лесвіца. Але калі вы яго занесяце, то чаму не. Калі ласка, ― запрашаюць людзей, з абмежаванымі магчымасцямі, у “Монкафэ”. ― Яшчэ праблема, ці ўвойдзе вазок у дзвярны праём туалета. А на ўваходзе праблемаў няма: дзверы адкрываюцца шырока”.

У клубе “Рэпаблік”, дзе, здавалася б, часта праводзяцца гарачыя канцэрты, пандусы прадугледзелі праектам. Тут жа ў сакавіку выступіў культавы расійскі рэпер Rem Digga, які перамяшчаецца на вазку. Музыка не сутыкнуўся падчас канцэрту са складанасцямі.  

У клубе “Муленруж”, калі мы пацікавіліся безбар’ернасцю мясцовага асяродку, расхваляваліся:

“Гэта будзе магчыма, толькі трэба будзе дамовіцца, каб ліфты ў гэты час працавалі. Лепш, каб вы загадзя забраніравалі стол, і мы ведалі, у які час трэба забяспечыць ліфты”.

Таму, як акзалася, далёка не паўсюль да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ставяцца няўважліва.

Аднак, калі  чалавека на вазку крыўдзяць, то адстаяць сваё цывілізаванае права на безбар’ерную сераду ― пакручасты шлях.

“Сёння за забеспячэнне доступу ва ўсе будынкі і ўстановы адказваюць мясцовыя органы ўлады. І паскардзіцца было б дарэчы ў Мінгарвыканкам”, ― раіць Ірына Марчанка, кансультант аддзела па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

Еўрарадыё: Ці было ў вашай практыцы, каб некага пакаралі за такую сітуацыю, у якой апынулася вядомая спартсменка?

Ірына Марчанка:Я з такім асабіста не сутыкалася”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі