Рэспубліканская партыя заяўляе, што не падпісвала "Дэкларацыю дзесяці"
Рэспубліканская партыя заявіла, што не падпісвала "Дэкларацыю дзесяці" беларускіх партыяў.
"Ніхто не вёў перамовы ні з кім з членаў кіруючага органа партыі ў дадзены момант. Кармазін, які падпісаў гэтую рэзалюцыю, самазванец, рашэннем ВСЦП РП выключылі яго яшчэ ў траўні месяцы 2020 года за дзеянні ад імя Рэспубліканскай партыі не адпаведныя Статуту РП і не сумяшчальныя з сяброўствам у партыі", — заяўляюць у партыі.
У партыі з канца 2019 года адбываецца ўнутрыпартыйны канфлікт, які дагэтуль не развязаны.
Як распавядала Еўрарадыё, 10 верасня 10 з 15 партыяў, зарэгістраваных у Беларусі, падпісалі сумесную заяву. У гэтай дэкларацыі яны запатрабавалі спыніць гвалт, вызваліць затрыманых, пачаць крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаванняў, адвольных затрыманняў. Таксама яны запатрабавалі ад уладаў пачаць дыялог і на працягу паўгода правесці новыя прэзідэнцкія выбары.
Паведамлялася, што пад дэкларацыяй падпісаліся чатыры партыі, якія мелі рэпутацыю праўладных — Сацыяльна-спартовая, Рэспубліканская, Партыя працы і справядлівасці, а таксама Партыя народнай згоды. Але, як бачым, Рэспубліканская партыя дэзавуявала свой подпіс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.