Рэжым самаізаляцыі ў Мінску парушаюць каля 15% грамадзян

Рэжым самаізаляцыі ў Мінску парушаюць каля 15% грамадзян

2148 чалавек знаходзяцца на самаізаляцыі ў Мінску на сёння. Аднак маніторынгі выявілі, што 77 чалавек (або каля 15%) парушаюць рэжым. 

"Маніторынг выканання рэжыму ізаляцыі паказаў, што каля 15% грамадзян у Мінску гэты рэжым не выконваюць і не знаходзяцца дома на самаізаляцыі. Хацелася б заклікаць мінчукоў і гасцей сталіцы выконваць гэтыя правілы. Мы зараз заклікаем да сумлення, бо так ці інакш любы такі грамадзянін можа патэнцыйна з'яўляцца носьбітам інфекцыі", — прыводзіць БЕЛТА словы намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана.

Ён падкрэсліў, што ўсім кантактам першага ўзроўню, якія знаходзяцца на самаізаляцыі дома, выдаюцца бальнічныя. Захаванне рэжыму кантралююць міліцыянеры і прадстаўнікі санэпідслужбы.

Чыноўнік адзначыў, што гарадскія ўлады пакідаюць за ўладальнікамі рашэнне аб закрыцці і абмежаванні працы кавярняў, забаўляльных цэнтраў, клубаў ды іншых кропак і ўстаноў. Цуран пахваліў кальянныя, якія перафарматаваліся зараз пад кавярні, і параіў іншым уладальнікам бізнесу пры магчымасці змяніць спецыялізацыю, каб не дапусціць заражэння каранавірусам. 

Акрамя таго Мінгарвыканкам звярнуўся да сталічных арганізацыяў з просьбай дапамагчы ў пашыве масак і халатаў. Ініцыятыву ўжо падтрымалі каля 15 юрыдычных асоб. 

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі на сёння выяўлена 1066 выпадкаў каранавіруса. На лячэнні ў Мінску цяпер знаходзіцца 601 пацыент.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі