Рост коштаў у "Сілічах" патлумачылі дрэнным надвор'ем
Экстрэмальна цёплае надвор'е прымусіла павялічыць выдаткі на электрычнасць і паліва, кажуць у гарналыжным цэнтры.
У гарналыжным цэнтры "Сілічы" з 1 студзеня 2015 года выраслі кошты. Больш за ўсё падаражэў адзін з самых папулярных абанементаў — 2 гадзіны катання ў будні дзень. Як піша "Комсомольская правда", кошт абанемента вырас адразу амаль на 30%, і цяпер ён каштуе 140 тысяч рублёў.
Нагадаем, што 19 снежня Саўмін падпісаў пастанову, якой замарозіў рост коштаў. Адзін з незадаволеных наведвальнікаў "Сілічаў" даслаў у Адміністрацыю прэзідэнта электронны зварот з просьбай патлумачыць прычыны падаражэння. Праз два тыдні яму прыйшоў афіцыйны адказ з "Сілічаў", дзе тлумачылася, што кошты паднялі з-за анамальна цёплага надвор'я.
Гаворыцца, што першапачаткова тарыфы зацвердзілі на перыяд да 31 снежня мінулага года. На той момант яны пакрывалі выдаткі па падрыхтоўцы трас. Але пры цяперашняй цёплай зіме ўзнікла неабходнасць дадатковага снегу на трасах. Гэта пацягнула павелічэнне выдаткаў на паліва і электраэнэргію, гаворыцца ў афіцыйным адказе.
Дарэчы, у іншых гарналыжных цэнтрах Беларусі кошты не падымаліся. Хаця не ўсе яны паўнавартасна працуюць. Так, прыватны цэнтр "Веста" пад Дзяржынскім пачаў працу, але снег з горкі сышоў. А дзяржцэнтр "Каробчыцы" пад Гроднам пакуль працу зусім не пачынаў: насыпанага снегу аказалася недастаткова, а пазней горка і зусім растала.
Фота — kp.by