“Русский репортер” публікуе дасье WikiLeaks па Беларусі
Часопіс “Русский репортер” апублікаваў на сваім сайце частку абнародаванага WikiLeaks ліставання Дзярждэпу ЗША, якое тычыцца Беларусі.
Так, напрыклад, у справаздачы пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Эстоніі Урмасам Паэтам у кастрычніку 2009 года гаворыцца: “Запэўніўшы паэта, што Эстонія ніколі не была яго ворагам, Лукашэнка правёў большую частку сваёй 90-хвіліннай сустрэчы, нападаючы на Расію са сцвярджэннямі пра тое, што Мінск могуць прымусіць прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асетыі і Абхазіі гэтай зімой у абмен на танны газ ад Расіі, а таксама пра тое, што Расія справакавала вайну ў Грузіі”.
Разам з тым Лукашэнка даў зразумець, што стараецца ўстрымлівацца ад публічных прагрузінскіх акцыяў. Так, ён атрымаў ад Міхаіла Саакашвілі запрашэнне наведаць Грузію, але “не зрабіў гэтага, бо не хацеў раздражняць Крэмль”.
Каментуюцца і матывы адмовы Лукашэнкі прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі: “Лукашэнка сцвярджаў, што для яго лепей, каб Беларусь была незалежнай, і быў асабліва ўскрушаны, што ЕС не даў яму крэдыт на правядзенне рэформы ці на яго непрызнанне Паўднёвай Асетыі і Абхазіі”.
Гэта прымусіла Лукашэнку задумацца пра неабходнасць супрацоўніцтва з ЕС. Як характэрны прыклад, Лукашэнка прывёў Украіну. Прэзідэнт Беларусі “сцвярджаў, што Ўкраіна зрабіла шматлікія рэформы, каб “спадабацца” ЕС і НАТА, але ў выніку цяпер Украіна не бліжэйшая да чаленства ў гэтых арганізацыях, чым раней, і апроч таго, знаходзіцца ў эканамічным і палітычным крызісе”.