Рымашэўскі заклікае ўдзельнікаў Плошчы сведчыць, што яна была мірнай
Аргкамітэт партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” абвясціў пра старт грамадскай кампаніі “Стань сведкам”.
Улада не будзе адкладаць суды па справе “19 снежня”, упэўнены экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі. Таму прыйшоў час рыхтавацца да іх і актывістам дэмакратычнага руху.
“Безумоўна, улады будуць імкнуцца зрабіць з гэтых судоў паказальныя працэсы. І дзеянні сілавых структураў сёння накіраваныя на тое, каб, мягка кажучы, напужаць людзей. Тыя ж выклікі на допыты проста за тое, што тэлефон знаходзіўся недзе ў раёне плошчы… Мы павінныя не дапусціць гэтага”, — распавёў Віталь Рымашэўскі ў эфіры Еўрарадыё.
План просты. “Адзіны дзейсны сродак супраць гэтага – каб людзі, якія былі на плошчы, смела, адкрыта сведчылі ў абарону тых, каму прад’яўляюцца абвінавачанні, — працягвае сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. — Таму мы заклікаем усіх далучыцца да кампаніі “Стань сведкам”. Каб людзі, якія былі на Плошчы, якія чулі заклікі і бачылі дзеянні лідараў, якія могуць засведчыць пра мірны, негвалтоўны характар нашай акцыі і пра спробы лідараў спыніць правакацыі, зрабілі гэта. Мы заклікаем усіх беларусаў: мужных, смелых, неабыякавых — далучацца”.
Віталь Рымашэўскі спадзяецца на тое, што людзі не пабаяцца таго, што праз сведчанні пра падзеі 19 снежня можна наклікаць на сябе нейкія падазроны. “Павелічэнне спісаў падазроных і абвінавачаных не можа адбывацца бясконца, — кажа ён. – Абсурдна мець, скажам, 10 тысяч абвінавачаных. Таму чым больш людзей будзе да кампаніі “Стань сведкам” далучацца — тым меншая верагоднасць персанальных рэпрэсіяў”.