Рыжанкоў пра сваю заяву: Быў пэўны пасыл трэнеру жаночай баскетбольнай зборнай
Жаночая баскетбольная зборная Беларусі заваявала пуцёўку на Алімпіяду ў Бразіліі ў алімпійскай кваліфікацыі, якая прайшла ў Францыі. Пасля паражэння ад кітаянак, калі беларускі ўпусцілі першую магчымасць заваявання пуцёўкі, кіраўнік Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў выступіў з крытыкай каманды і галоўнага трэнера Анатоля Буяльскага. Ён выказаў сумненне, што "трэнерам робіцца ўсё, каб навесці парадак у камандзе". "Калі будзем гуляць вось так бязвольна, то нашай зборнай нічога не свеціць", — адзначыў Рыжанкоў у каментары "Прессболу".
Беларускія баскетбалісткі сабраліся і ўпэўнена выйгралі ў зборных Аргенціны і Паўднёвай Карэі. Пасля апошняга матчу галоўны трэнер Анатоль Буяльскі заявіў: "Некаторыя кіраўнікі, якія выказваліся пасля пройгрышаў, загадзя вырашылі, што з такой гульнёй нам няма што рабіць у Рыё. Другі матч з карэянкамі з'явіўся адказам на крытыку...".
Еўрарадыё пацікавілася ў Максіма Рыжанкова, што ён цяпер думае пра гэты абмен заявамі. Вось што ён адказаў:
"Я пасля двух паражэнняў сказаў, што каманда не паказвае той баскетбол, на які яна гатовая. І што сапраўды трэнеру яе трэба страсянуць і навесці парадак у адносінах матывацыі, эмацыйнай ацэнкі таго, што адбываецца навокал... Тая ж Леўчанка сказала, што "мы пасля двух паражэнняў сталі на крытычны ўзровень, які прымусіў нас сабрацца і паказаць добры баскетбол". Дык дзе я не меў рацыі? Наадварот, напэўна, патрэбная была доля здаровай крытыкі для таго, каб сапраўды страсянуць каманду і неабходны быў пэўны пасыл трэнеру, што ён павінен... Як я яму сказаў: вы павінны знайсці адэкватныя словы для каманды для таго, каб яна змагла паказаць той вынік, на які яна здольная. Напэўна ўсё атрымалася. Вынік мы гэты маем. Дык што ў гэтым крамольнага? Не ўсе любяць крытыку".
Жаночая баскетбольная зборная Беларусі прылятае ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" у аўторак, 21 чэрвеня, прыблізна ў 18.10.