З Эрдаганам ці без яго? Турцыя сёння абірае прэзідэнта

Выбары ў Турцыі / AFP
Выбары ў Турцыі / AFP

Прэзідэнта абіраюць сёння ў Турцыі. Два галоўныя кандыдаты на гэта месца — дзейны лідар краіны Рэджэп Таіп Эрдаган і лідар апазіцыйнага альянсу Кемаль Кылычдараглу.

Эрдаган знаходзіцца ва ўладзе ў Турцыі ўжо 20 гадоў. У апошні год яму атрымоўвалася спраўляцца са складанымі задачамі на міжнароднай арэне. Прыкладам, пры яго пасярэдніцтве была заключаная важная для пераадолення сусветнага голаду зерневая ўгода паміж Украінай і Расіяй, ён спрыяў і арганізацыі абмена палоннымі.

А вось з унутранай палітыкай у Эрдагана ўсё не так добра. Раней эпоха яго кіравання была сінонімам эканамічнага росту, але цяпер у краіне высокая інфляцыя. Да таго ж, выбары праходзяць усяго праз некалькі месяцаў пасля разбуральнага землятрусу, які панесла 50 тыс. жыццяў.

Галоўны супернік Эрдагана — апазіцыйны палітык Кемаль Кылычдараглу. Ён змог аб'яднаць 6 розных апазіцыйных партый дзеля супрацьстаяння Эрдагану. Ён абяцае вярнуць шырокія паўнамоцтвы парламенту і свабоду — прэсе.

У бюлетэнях сёння будзе яшчэ два імёны. Адно з іх — Муххарем Інджу, але прагаласаваць на гэтага палітыка туркі не змогуць. За некалькі дзён да выбараў ён зняў сваю кандыдатуру, спаслаўшыся на паклёпніцкую кампанію ў сетках, піша ВВС. Але выкрасляць яго імя з бюлетэняў было ўжо запозна.

Чацвёрты кандыдат, які можа адняць галасы ў Эрдагана і Кылычдараглу — нацыяналіст Сінан Оган.

Калі ніводзін з кандыдатаў сёння не набярэ больш за 50% галасоў, то праз 2 тыдні пройдзе другі тур выбараў.

Апроч прэзідэнта туркі сёння абіраюць парламент.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі