С. Зікрацкі: Пра скарачэнне працоўнага тыдня мусяць паведаміць за месяц

На прадпрыемствах краіны пачалі гаварыць пра магчымае скарачэнне працоўнага тыдня і, зразумела, прапарцыйнае змяншэнне заробкаў. Калі такое рашэнне будзе прынятае, гэта сведчыць пра тое, што крызіс дайшоў і да Беларусі. Пра скарачэнне працоўнага тыдня да чатырох дзён паведамілі на прадпрыемстве БелАЗ. Паводле “Белорусского партизана”, гэта першы гігант айчыннай прамысловасці, дзе кіраўніцтва пайшло на такі крок. Тым часам на “Магілёўхімвалакне” актыўна абмяркоўваюць магчымае скарачэнне працоўнага тыдня з аплатай 2/3 стаўкі. Вось як каментуюць гэтую інфармацыю ў аддзеле планавання працы прадпрыемства:

“Што, вам ужо супрацоўнікі патэлефанавалі, калі вы гэтым цікавіцеся? Некалькі дзён проста ўжо, неяк хутка даходзіць інфармацыя”.

Калі прадпрымства скарачае працоўны тыдзень, павінен быць загад з эканамічнымі тлумачэннямі такога рашэння, і ўсё мусіць даводзіцца па пэўнай працэдуры да працоўных. Вось што кажа Аляксандр Каралёў, юрыст Незалежнага прафсаюза:

“Гэта ўзгадняецца з міністэрствам прамысловасці. Але гэта павінна быць звязана з эканамічнай сітуацыяй. Напрыклад, склады запоўненыя, ці вырашылі выпускаць меней прадукцыі, бо няма попыту. Тады выносіцца загад па заводзе і гэта з’яўляецца значным змяненнем умоваў працы”.

Паводле працоўнага кодэксу, пра скарачэнне працоўнага тыдня мусяць папярэдзіць яшчэ за месяц. Вось што гаворыць юрыст Сяргей Зікрацкі:

“Перавод на скарочаны працоўны тыдзень разглядаецца, як істотнае змяненне умоваў працы. Па працоўным кодэксе яно магчымае ў выпадку папярэджання супрацоўніка аб гэтым, не пазней як за месяц. Калі ён не згодны, тады скасоўваецца кантракт і выплочваецца дапамога ў памеры двухтыднёвага заробку”.

У аддзеле кадраў “Магілёўхімвалакна” сказалі, што пакуль такога рашэння няма, але калі будзе, то “працэдура будзе праведзеная па законе з паведамленнем усіх супрацоўнікаў”.

Падобныя размовы пра магчымае скарачэнне працоўнага тыдня ідуць і на магілёўскім заводзе “Трансмаш”. Але прадстаўнікі адміністрацыі таксама не ведаюць пра гэта:

“У першы раз пра гэта чуем ад вас. Мы добра працуем, цалкам загружаныя”.

Ужо некалькі разоў спыняла працу барысаўскае прадпрыемства “Гуматэхніка”, каб зэканоміць грошы, людзі выходзілі на працоўныя месцы… па чарзе.

Эканаміст Аляксандр Патупа лічыць, што такія захады патрэбныя ва ўмовах крызісу, калі нельга працаваць на склад, бо ніхто не купляе прадукцыю. І на сённяшні дзень каля 20 буйных прадпрыемстваў “затавараныя”:

“Гэта, відаць, сапраўды патрэбная мера, бо ў іх скараціўся збыт прадукцыі. А гэта зараз адно з наступстваў крызісу - грошай мала ў расіян, якія раней усё скуплялі. Далейшую вытворчасць проста выгадна замарозіць, каб зэканоміць рэсурсы”.

Калі прадпрыемствы будуць прымаць такія, неабходныя для іх рашэнні, то гэта паказчык таго, што крызіс дайшоў і да Беларусі. Таму такія меры не падабаюцца кіраўніцтву краіны, лічыць Патупа:

“У кіраўніцтве некаторых прадпрыемстваў гэтая думка замацоўваецца, не гледзячы на тое, што на версе гэтаму супрацьстаяць. Гэта паказчык для ўсіх, што крызіс дайшоў да нас”.

Аляксандр Патупа лічыць, што гэтае замоўчванне праблемаў прывядзе да прыняцця неабгрунтаваных і паспешных рашэнняў, і краіна панясе яшчэ большыя страты.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі