СААЗ прыпыніла працэдуру ўхвалення вакцыны "Спутник V"
СААЗ пакуль не ўхваліла расійскі прэпарат / Reuters
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) прыпыніла працэс ухвалення расійскай вакцыны "Спутник V". Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прадстаўніка Панамерыканскай арганізацыі аховы здароўя (ПААЗ) Жарбаса Барбоса. ПААЗ — гэта адна са структур пры СААЗ.
Працэс ухвалення "быў прыпынены, бо падчас інспекцыі адной з фабрык, дзе вырабляецца вакцына, было выяўлена, што гэтая фабрыка не адпавядае новай практыцы вытворчасці", — патлумачыў прадстаўнік ПААЗ.
Цяпер ад расійскага боку чакаюць, што ён адрэагуе на заўвагі і прыме меры. Праз адсутнасць ухвалення "Спутника V" грамадзяне, прышчэпленыя расійскім прэпаратам, у многіх краінах вакцынаванымі не лічацца і павінныя адбываць каранцін па прылёце ў гэтыя краіны.
Не ўхваліла пакуль расійскую вакцыну і Еўрапейскае агенцтва лекавых прэпаратаў (ЕМА). Між тым шэраг краін, якія пачалі закупляць прэпарат, адмовіліся ад яго выкарыстання. У траўні гэта зрабіла Бразілія. Там палічылі, што расійская прышчэпка можа выклікаць моцнае прастуднае захворванне. А ў жніўні ад "Спутника V" адмовілася Славакія.
Беларусам цяпер даступныя дзве вакцыны супраць карпнавіруса — расійскі "Спутник V" і кітайскі прэпарат Sinopharm.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.