Саладуха набыў у Ханка песню “Здравствуй, чужая милая” за 3.000 долараў

Хто менавіта – самыя багатыя людзі Беларусі: бізнэсоўцы, палітыкі, спартоўцы? Але дакладна гэта не артысты і кампазітары, большасці з якіх даводзіцца падпрацоўваць па-за шоў-бізам і лічыць кожны рубель. І складана нават уявіць, што 30 гадоў таму самым багатым чалавекам нашай краіны быў кампазітар-песеннік. Эдуард Ханок зараз сышоў з прафесіі. Аўтар “Малінаўкі” ды “Завірухі”, “То ли ещё будет” ды “Лягу-прылягу” жыве ў Маскве, і жыве не на аўтарскія адлічэнні. Але пра савецкія часы прыгадвае з задавальненнем:

Эдуард Ханок: “У той час гэта была адна з самых высокааплочваемых прафесій у краіне – кампазітар-песеннік. Яна нават выклікала непрыязнасць чальцоў Саюза кампазітараў і г.д.

Зараз гэтая прафесія – нулёвая. Зараз трэба быць яшчэ прадзюсарам, мець гурты побач… І я шчаслівы, што даўно гэтым не займаюся”.

За саветамі тэлебачанне і радыё – асноўныя сучасныя крыніцы аўтарскіх адлічэнняў – калі і бралі чые-небудзь песні, амаль не плацілі ні паэтам, ні кампазітарам, ні выканаўцам. Напрыклад, Генадзь Бураўкін, аўтар тэксту беларускай “Калыханкі”, пад якую штовечар засыналі савецкія беларускія дзеткі, за сваю працу атрымаў…

Генадзь Бураўкін: “…нейкіх там 100 рублёў. Напачатку, калі мы з Раінчыкам напісалі гэтую “Калыханку”, і ў нас прынялі яе – нам заплацілі грошы, а за выкананне нам нічога не перападала. А апошнім часам раптам сталі нейкія капейкі плаціць”.

Паводле Эдуарда Ханка, каб зарабляць шмат, трэба было напісаць шлягер, які б па ўсёй краіне замаўлялі ў рэстаранах ды кавярнях. Як, напрыклад песняроўская, “Вологда”. У такім выпадку “хітмэйкер” мог разлічваць на штомесячны заробак у 50 разоў большы, чым сціплы ганарар Генадзя Бураўкіна!

Эдуард Ханок: “Я атрымліваў у той час недзе ад 2 да 5 тысяч за месяц. Шалёныя грошы! А такія, як Антонаў, Дабрынін, атрымлівалі ад 10 да 30 тысяч! Магу смела сказаць, што я афіцыйна быў самы багаты чалавек у Беларусі!

А зараз на аўтарскіх адлічэннях не заробіш, яны вельмі маленькія”.

Між іншага, Эдуард Ханок напісаў песню “Здравствуй, чужая мілая”, якая стала першым народным хітом Аляксандра Саладухі. Але гэта было ўжо ў неспакойныя 1990-я… Распавядае Аляксандр Саладуха:

Аляксандр Саладуха: “Я проста ведаю, што песня была адразу выкупленая за той кошт, які назваў Ханок 16 гадоў таму. Выкупіў мой сябар, бізнэсовец. Тры тысячы долараў… Так, гэта быў недзе 1992 – 1993 год”.

Здаралася, стваралі народныя хіты і рок-музыкі. Яскравы прыклад – здзеклівая “Ау” гурта “Ляпис Трубецкой”. Але ці набыла шалёная папулярнасць, якую атрымалі музыкі, які-небудзь іншы – напрыклад, фінансавы эквівалент? Распавядае прадзюсар гурта “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў:

Яўген Калмыкоў: “Магу сказаць дакладна: ніякіх шалёных аўтарскіх грошай Міхалок не бачыў увогуле, не тое, што па гэтай песні. Але яна нам вельмі дапамагала, калі мы ездзілі на постсавецкай прасторы і выступалі за 100 долараў – гэта дзякуючы гэтай песне. Першыя “заказнякі”, якія былі ў “ляпісаў”, адбыліся менавіта дзякуючы ёй”.

Ёсць у кампазітараў яшчэ адзін шлях: ствараць музыку да кінастужак. Той жа Яўген Калмыкоў у свой час склаў пратэкцыю Віталіку “Артысту” з “beZ bileta”, і вось – музыка напісаў ужо некалькі саундтрэкаў да расійскіх фільмаў і серыялаў. Працягвае Яўген Калмыкоў:

Яўген Калмыкоў: “Кампазітар, які піша музыку да фільма, атрымлівае два “траншы”. Першы – гэта калі музыка атрымлівае грошы за працу – столькі, на колькі ён дамовіўся. І другі – калі фільм выходзіць у пракат, і ён чакае сваёй касы, сваіх дывідэндаў.

Скажу шчыра – гэта ўсё лухта, з гэтага багатым не будзеш. Бо што такое праца над фільмам? Гэта паўгода жыцця. А грошы? Гэта могуць быць 5 тысяч долараў, а могуць быць 50 тысяч. Як тут можна разважаць пра нейкае багацце?”

Наўрад ці сёння, калі эстрада стала прахадным калідорам, прафесія кампазітара верне сабе былую павагу.

На фота: кампазітар Эдуард Ханок (злева) грае на акардэоне. Іосіф Кабзон падпявае, Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок слухаюць камсамольскія песні 1970-х падчас сустрэчы ў Дзяржкамітэце па справах моладзі. 13 лютага 1998 г.

Фота: ByMedia.Net.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі